У апошнія гады, калі падарожжы па Еўропе сталі больш даступнымі для беларусаў, нашы грамадзяне рэдка падарожнічаюць па Расіі. А калі і робяць гэта, то амаль не выязджаюць далей за Маскву і Пецярбург. Зараз прасцей і зручней зрабіць візу і з’ездзіць у Вільню ці Варшаву, чым пераадольваць тысячы кіламетраў, каб пабачыць Саранск ці Іжэўск.

Між іншым, Расія — вялікая краіна, і ў ёй адбываюцца цікавыя працэсы. Асабліва гэта тычыцца нацыянальных рэспублік, дзе рускія не з’яўляюцца карэнным насельніцтвам. Для большасці такіх суб’ектаў Расіі характэрны імклівая русіфікацыя і страта нацыянальнай ідэнтычнасці. У гэтых рэспубліках карэннае насельніцтва стала нацыянальнай меншасцю, а нацыянальныя мовы знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Але ёсць і выключэнні. У каўказскіх рэспубліках нацыянальныя мовы пачуваюцца добра. Гэта тлумачыцца ў першую чаргу высокай нараджальнасцю сярод каўказскіх народаў, а таксама масавым сыходам рускага насельніцтва з гэтых зямель у 1990-я. Адносна добра з нацыянальнай мовай і ў Татарстане. Татары — другі па колькасці народ у Расіі з доўгімі традыцыямі і высокімі амбіцыямі, а Татарстан — адзін з самых багатых і развітых рэгіёнаў краіны.

Ёсць яшчэ адна рэспубліка ў Расіі, якая мужна і стойка супрацьстаіць русіфікацыі, — Чувашыя. Яна не такая багатая, як Татарстан. У пераважна праваслаўнай Чувашыі няма такой высокай нараджальнасці, як у мусульманскіх рэспубліках Паўночнага Каўказа. Тым не менш, у гэтай маленькай рэспубліцы з насельніцтвам 1,23 мільёна чалавек дзяржаўныя радыё і тэлебачанне вяшчаюць пераважна на чувашскай мове, кіраўнік рэспублікі ў гутарцы з грамадзянамі выкарыстоўвае родную мову, а на чувашскую прадублявана шмат кінастужак, і фільмы з чувашскім перакладам паказвае мясцовае тэлебачанне. Нават у савецкія часы штогадовыя наклады чувашскай літаратуры былі супастаўныя з накладамі беларускай літаратуры. І гэта пры тым, што Чувашыя па плошчы прыкладна, як палова Мінскай вобласці.

У чым сакрэт чувашскага поспеху, як гэтая прыволжская рэспубліка супрацьстаіць русіфікацыі, з якімі праблемамі яна сутыкаецца? Гэтыя пытанні «Наша Ніва» абмеркавала з папулярызатарам чувашскай мовы і кіраўніком грамадскай арганізацыі «Таварыства нацыянальна-культурнага адраджэння Ирӗклӗх (Свабода)» Дзмітрыем Сцяпанавым.

Дзмітрый Сцяпанаў

Дзмітрый Сцяпанаў

— Дзмітрый, на першы погляд, у Чувашыі ўсё добра з чувашскай мовай, асабліва калі параўноўваць вас з суседнімі рэспублікамі. У чым ваш сакрэт?

— У пэўнай ступені нам проста пашанцавала. Ад самага пачатку доля тытульнай чувашскай нацыі ад агульнай колькасці насельніцтва была высокай. Нават зараз каля 70% насельніцтва нашай рэспублікі — чувашы. Тут у нас сітуацыя нават лепшая, чым у Татарстане, які любяць заўсёды ставіць у прыклад. Палова насельніцтва Татарстана — рускія, якія лічаць сваёй роднай мовай рускую. У нас усё ж доля карэннай нацыі вышэйшая.

Яшчэ адзін важны фактар — шчыльнасць насельніцтва. Тут мы займаем першыя пазіцыі ў Расіі пасля Масквы, Пецярбурга і некаторых каўказскіх рэспублік.

Калі казаць пра нашых суседзяў, то найгоршая моўная сітуацыя ў фіна-ўгорскіх рэспубліках: Удмуртыі, Марый Эл, Мардовіі. Чувашы, як і татары з башкірамі, — цюркамоўныя народы, і сітуацыя ў нашых рэспубліках не такая трывожная. А вось фіна-ўгорскія народы, на жаль, маюць меншы ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і імкліва русіфікуюцца. На сённяшні дзень яны сталі этнічнай меншасцю ў сябе на радзіме і паступова знікаюць.

Таксама ад іншых рэспублік Расіі нас адрознівае тое, што да сталінскіх рэпрэсій мы мелі ў Чувашыі сваю нацыянальную інтэлігенцыю, і амаль усе мясцовыя чыноўнікі былі чувашамі.

Як адчувае сябе чувашская мова ў сферы адукацыі і ў медыя?

— Чувашская мова выкладаецца як дзяржаўная мова ва ўсіх адукацыйных установах: ад дзіцячага садка да ВНУ. Але выкладанне іншых прадметаў на чувашскай мове ёсць толькі ў першых чатырох класах, і гэта сур’ёзная праблема. Як казаў адзін з чувашскіх класікаў Метры Юман, без вышэйшай адукацыі на чувашскай мове нацыя асуджана на знікненне.

Што тычыцца нацыянальных СМІ, то тут сітуацыя адрозніваецца ў лепшы бок. Сёлета пасля нашага звароту ў Чувашыі з’явілася ўласнае спадарожнікавае тэлебачанне на нацыянальнай мове. Гэта асабліва пазітыўны зрух з улікам таго, што палова чувашскай нацыі жыве за межамі рэспублікі. Мы можам глядзець чувашскія кліпы, чувашскія фільмы, класіку сусветнага кіно і блокбастары апошніх дзесяцігоддзяў у перакладзе на чувашскую мову, кшталту «Тэрмінатар» ці «Адзін дома». Перакладаецца на чувашскую мову нават савецкая кінакласіка, напрыклад «А зори здесь тіхіе» ці «Москва слезам не веріт». Усе гэтыя фільмы, з чувашскім перакладам, рэгулярна транслюе нацыянальнае тэлебачанне.

Тэлевядучая нацыянальнага тэлебачання: «Я размаўляю па-чувашску».

Тэлевядучая нацыянальнага тэлебачання: «Я размаўляю па-чувашску».

Напэўна, чувашы маюць нейкі досвед уласнай дзяржаўнасці?

— Так. Чувашы з’яўляюцца спадкаемцамі волжскіх булгар. І на нашых землях існавала моцная дзяржава — Волжская Булгарыя. Наступным этапам нашай дзяржаўнасці было Казанскае ханства. Гэта агульная гістарычная спадчына чувашскага і татарскага народаў.

Наша грамадская арганізацыя «Ирӗклӗх» («Свабода») кожны кастрычнік удзельнічае ў Дні памяці і жалобы, які адбываецца ў Казані, дзе мы ўзгадваем ахвяр агрэсіі Рускага царства ў 1552 годзе, калі войскі Івана Жахлівага ўзялі Казань і знішчылі амаль усіх яе жыхароў.

Чувашскія і татарскія актывісты ўзгадваюць ахвяр генацыду 1552 года.

Чувашскія і татарскія актывісты ўзгадваюць ахвяр генацыду 1552 года.

У якіх мерапрыемствах вы яшчэ ўдзельнічаеце?

— У нас вялікая колькасць самых розных акцый і мерапрыемстваў па папулярызацыі чувашскай мовы і нацыянальнай самасвядомасці.

Напрыклад, мы робім спецыяльныя налепкі «Тут размаўляюць па-чувашску» і прапаноўваем іх уладальнікам устаноў сферы абслугоўвання.

Таксама мы робім інфармацыйныя налепкі, такія як «Выхаду няма», «Не курыць!», «Вядзецца відэаназіранне» і гэтак далей. На наш погляд, чувашская мова мусіць быць у публічнай прасторы паўсюль. Для сацыяльных сетак мы робім чувашскія стыкеры.

На нацыянальныя і дзяржаўныя святы мы раздаём стужкі, ладзім свята чувашскіх дзяржаўных сімвалаў.

Удзельніца акцыі «Чувашская стужка».

Удзельніца акцыі «Чувашская стужка».

Таксама мы займаемся маніторынгам выканання моўнага заканадаўства. На жаль, фактаў парушэння шмат. Мы не панікуем, а фіксуем усе факты і звяртаемся ў праваахоўныя органы. У рамках маніторынгу выканання моўнага заканадаўства мы дасягнулі пэўных поспехаў: чувашская мова з’явілася ў грамадскім транспарце, Чэбаксарскім (Шупашкар па-чувашску) аэрапорце, на ўсіх турыстычных шыльдах.

У вёсцы Акрамава мы ладзілі экалагічна-патрыятычную акцыю: садзілі дубы побач з помнікам чувашскім ваярам, якія загінулі ў барацьбе з расійскім імперскім прыгнётам.

Уздымае «Ирӗклӗх» і палітычныя пытанні. Раней ва ўсіх расійскіх рэспубліках быў свой «прэзідэнт». Але ва ўсіх рэспубліках, акрамя Татарстана, інстытут прэзідэнцтва быў скасаваны. Замест «прэзідэнта» ў нас цяпер «глава» («кіраўнік»). Таксама з нашай чувашскай Канстытуцыі прыбралі слова «дзяржава». Гэта мае вялікае значэнне для дзяржаўнага будаўніцтва, таму мы выступаем за вяртанне інстытута прэзідэнцтва і вяртанне слова «дзяржава» ў нашу Канстытуцыю.

Таксама мы дабіваемся ўвядзення спецыяльнага чувашскага ўкладыша ў расійскі пашпарт. Зараз такія ўкладышы ёсць толькі ў жыхароў Татарстана.

Як вы думаеце, імклівая русіфікацыя расійскіх рэспублік — гэта аб’ектыўны працэс, выкліканы эканамічнымі і сацыяльнымі прычынамі, ці русіфікацыя з’яўляецца мэтанакіраванай палітыкай Масквы?

— Па-першае, палітыка русіфікацыі ёсць. Масква будуе адзіную дружную нацыю «расіян», асаблівы «русскій мір», насаджае агрэсіўны ваяўнічы патрыятызм.

Па-другое, нельга адмаўляць і наяўнасці эканамічных прычын. Але, на мой погляд, гэтая эканамічная прычына, дакладней, залежнасць ад Масквы, ствараецца штучна.

Чувашскае свята.

Чувашскае свята.

Як мясцовыя ўлады ставяцца да вашай дзейнасці?

— Не так даўно мы накіравалі звароты ўсім кіраўнікам органаў выканаўчай улады (міністрам і кіраўнікам раёнаў) з пытаннем: ці падтрымліваеце вы тое, каб замацаваць у Канстытуцыі абавязковасць валодання чувашскай мовай чыноўнікамі? Зараз да мяне прыходзяць адказы, дзе чыноўнікі выказваюць сваю згоду. Можна зрабіць выснову, што мясцовыя ўлады нас падтрымліваюць.

Але ўсё роўна ў нас узнікае шмат праблем на ўзроўні міністэрстваў. Там не так проста прасоўваць нашы ініцыятывы.

А як ставяцца да вас федэральныя маскоўскія ўлады?

— Фактычна ўсе нашыя звароты федэральнай уладай ігнаруюцца. Адна з тых структур, якая нас не ігнаруе, гэта ФСБ. Яны, як і ЦПЭ (Цэнтр процідзеяння экстрэмізму), актыўна цікавяцца нашай дзейнасцю, і з іх боку мы адчуваем пэўны прэсінг. Таму мы амаль не працуем з федэральным цэнтрам. Хутчэй, гэта федэральны цэнтр працуе з намі. На нашых актывістаў ціснуць на вучобе, на працы, шкодзяць ім, спрабуюць маргіналізаваць. Такім людзям потым цяжка знайсці працу і актыўна ўдзельнічаць у публічных мерапрыемствах.

Расійскія ўлады ўважліва ставяцца да пытанняў міжнацыянальных адносін, сепаратызму і экстрэмізму. Сама Расійская Федэрацыя складаецца з гістарычных нацыянальных дзяржаў. Нацыі, якія здольныя стварыць свае дзяржавы ці якія мелі такія дзяржавы ў мінулым, уяўляюць небяспеку для Масквы.

Вы бачыце магчымасць стварэння незалежнай чувашскай дзяржавы ў перспектыве?

— У 2014 годзе, пасля крымскіх падзей, у Крымінальным кодэксе Расіі з’явіўся артыкул за заклікі да сепаратызму. Але я хацеў бы адзначыць, што адной з мэтаў «Ирĕклĕх» з’яўляецца садзейнічанне поўнай рэалізацыі права чувашскай нацыі на самавызначэнне. Гэта дадзенае Богам права кожнай нацыі. Канечне, права нацыі на самавызначэнне можа ўключаць у сябе і стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы.

На сёння чувашская нацыя скарысталася правам на самавызначэнне, але не ў поўнай меры.

Эфір навін нацыянальнага тэлебачання Чувашыі. Абсалютна ўсе размаўляюць па-чувашску, у тым ліку і чыноўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?