Для аналізу былі ўзятыя даныя з прыладаў, падлучаных да бясплатнай сеткі Wi-Fi у маскоўскім метрапалітэне, атрыманыя з 1 сакавіка па 30 красавіка 2017 года.
З 18,5 мільёна запытаў 99,2 адсотка былі зададзеныя са смартфонаў і планшэтаў: ноўтбукамі ў падземцы карыстацца нязручна, асабліва ў гадзіну пік.
Для параўнання аналітыкі выкарыстоўвалі кантрольную выбарку з 16,4 мільёна выпадковых запытаў, зададзеных за той жа перыяд з мабільных прыладаў па ўсёй Маскве.
Колькасць пошукавых запытаў на працягу дня супадае з загружанасцю метро. З гадзіны ночы да пяці раніцы метрапалітэн зачынены, і ў гэты час адтуль прыходзяць адзінкавыя запыты.
Пік запытаў прыпадае на час з 7.40 да 9.40 і з 17.20 да 19.50. У гэтыя інтэрвалы запытаў з метро становіцца ў паўтара-два разы больш, чым у сярэднім за дзень.
Самая характэрная для пошуку ў метро тэма — інфармацыйныя тэхналогіі. Доля прафесійных запытаў пра камп'ютары і праграмаванне ў падземцы аказалася ў два разы вышэйшай, чым у горадзе ў цэлым. Мяркуючы па ўсім, людзі звязаныя са сферай IT, прывыклі працаваць і вучыцца паўсюль, у тым ліку ў дарозе.
Таксама з метро паступае прыкметна больш, чым з вуліц горада, запытаў пра транспарт і вольны час. У шляху пасажыры выбіраюць, дзе правесці час, і пытаюцца, як дабрацца ў розныя месцы.
Менш за ўсё запытаў з метро датычыцца інтыма. Аналітыкі прыйшлі да высновы, што карыстальнікі, хутчэй за ўсё, саромеюцца суседзяў па вагоне.
Цікава, што ў ранішні час пік пасажыры часцей за ўсё шукаюць соннікі і малітвы. Таксама ў першай палове дня пераважаюць запыты са словамі «як даехаць», «як дабрацца» і рознымі адрасамі.
А ўвечары карыстальнікі шукаюць рэцэпты вячэры ці месца, дзе яе замовіць.