Нападу падверглася 56-гадовая жыхарка Віцебска, якая 2 ліпеня вярталася дадому на 10-ю Полацкую вуліцу пасля вечаровай змены, паведамляюць Народныя навіны Віцебска.

Калі прыкладна а 23:45 жанчына выйшла з трамвая на прыпынку «Гімназія №4» і збочыла на сваю вуліцу, яна пачула, як нехта ззаду бяжыць за ёй. Мужчына, які падбег, нанёс ахвяры ўдар ззаду па галаве і паспрабаваў выхапіць торбу.

Жанчына торбу не аддала, і рабаўнік нанёс ёй вострым прадметам некалькі парэзаў рук, а таксама біў па галаве і тулаве. Жанчына нягледзячы на ўдары аказала нападніку актыўны супраціў: распыліла яму ў твар пярцовы балончык, а калі мужчына прыціснуў яе руку з балончыкам да зямлі — укусіла за калена.

Усё ж зламысніку ўдалося вырваць у ахвяры сумку, і ён пабег па вуліцы Супруна ў бок Ленінградскай. Па дарозе выкідваў з сумкі рэчы.

На наступны дзень гэтую сумку і частку змесціва пабачыла на тэрыторыі храма святой Еўфрасінні Полацкай на Ленінградскай вуліцы адна з прыхаджанак. А недалёка ад царквы следчыя знайшлі байку чорнага колеру з надпісам «Adidas» з капюшонам і бейсболку бардовага колеру з белым лагатыпам «Nike», што належылі меркавана рабаўніку.

Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта распачаў па факце рабавання крымінальную справу

Нападніка шукаюць, яго прыкметы: узрост каля 35 гадоў, рост 170-175 сантыметраў, хударлявага целаскладу, быў апрануты ў вопратку значна большага памеру — байку з капюшонам, спартыўныя штаны цёмнага колеру, як мяркуецца, з тканіны фліс.

Імаверна, гэты мужчына быў зафіксаваны камерамі назірання ў краме «Еўраопт» па вуліцы Цітова а 21:45. Калі вы пазналі мужчыну на фота, ці вам вядома нешта пра рабаванне, следчыя звяртаюцца з просьбай паведаміць інфармацыю ў Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта па адрасе: горад Віцебск, пр-т Маскоўскі, 51 а ці патэлефанаваць па тэлефоне дзяжурнай часткі 80212 486637 або 102

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0