Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Дом-музей у Завоссі — адзін з дзевяці філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, апошнія дзесяць месяцаў ім кіруе Зміцер Яцкевіч. Ён пагутарыў з «НН» пра сітуацыю, якая склалася на малой радзіме Міцкевіча.

«Наша Ніва»: Чаму з цяперашнім дырэктарам філіяла ў Завоссі не працягнулі кантракт?

Зміцер Яцкевіч: Загадчык філіяла ў першую чаргу павінен адказваць за гаспадарку, то бок за стан музея і яго функцыянаванне — арганізацыю экскурсій і ўсяго астатняга.

Спадар Анатоль Іванавіч, на жаль, гэтым абавязкам не даваў рады. Ён адкрыта заяўляў міністру культуры Барысу Святлову, што займаецца толькі правядзеннем экскурсій. Нашы спробы падштурхнуць яго пачаць рабіць элементарны рамонт не далі ніякага плёну.

Тым больш апошнім часам мы пачалі заўважаць, што экскурсіі спадара Анатоля Іванавіча не адпавядаюць рэчаіснасці і часам уводзяць людзей у зман.

Зміцер Яцкевіч.

«НН»: Што значыць «не адпавядаюць рэчаіснасці»?

ЗЯ: Гэта значыць, што факты, якія агучвае спадар Еўмянькоў, не пацверджаныя. Паколькі гэта не прыватная лаўка, а ўсё ж такі дзяржаўная ўстанова, трэба прытрымлівацца плану экскурсіі. На жаль, тэкстаў экскурсій, падобна, у Анатоля Іванавіча ніколі і не было. Матэрыял ва ўсіх планах састарэў, але спадар Еўмянькоў ад яго не адрываецца, а трэба рухацца далей.

Філіял не развіваўся, быў рэгрэс. Многія будынкі прыйшлі ў заняпад. У адным — размарожаная сістэма ацяплення, былі і іншыя праблемы, якія неаднаразова фіксаваліся ў актах камісій. Усё праз халатнасць.

Мае спадзяванні, што спадар Еўмянькоў пачне нешта мяняць, ні да чаго не прывялі. Ён не аднойчы парушаў працоўную, выканаўчую і фінансавую дысцыпліну. У прынцыпе, я ўжо даўно мог звольніць яго па артыкуле. Але з улікам узросту чалавека і таго, што ён ўсё ж такі робіць справу, мы дачакаліся сканчэння кантракту і вырашылі расстацца палюбоўна.

З дапамогай Баранавіцкага райвыканкама мы ўжо знайшлі новага загадчыка філіяла, 31 жніўня яму перададуць справы.

«НН»: Можаце раскрыць яго імя?

ЗЯ: Мясцовы чалавек, па адукацыі настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Працаваў у школах, у Баранавіцкім універсітэце. Ён пагадзіўся даглядаць філіял і спрыяць прывядзенню яго ў нармальны стан, а не займаць пазіцыю «гэта не мая задача, я гэтым займацца не буду».

Дом-музей Міцкевіча ў Завоссі. Фота wikimedia.org

«НН»: Вы сказалі, што спадар Еўмянькоў расказвае факты, якіх быццам бы не існуе. Вам хтосьці распавёў пра гэта?

ЗЯ: Менавіта. Рэч у тым, што даследаванні па Міцкевічу не стаяць на месцы. Кожны год з’яўляюцца новыя факты, версіі, архіўныя даследаванні, новыя дакументы. Іх трэба ўводзіць у навуковы ўжытак, а інфармацыя спадара Еўмянькова засталася на ўзроўні дзесяцігадовай даўніны.

Некаторыя адхіленні ад тэмы і тлумачэнні ў аповедах спадара Еўмянькова проста выходзяць за межы ўсіх існуючых норм, правілаў і гістарычнай праўды. Для нас вельмі важна, каб экскурсіі ў нашых установах праводзіліся на пэўным узроўні і адпавядалі рэчаіснасці. На жаль, гэтага не было. І гэта было неаднаразова засведчана калегамі-музейшчыкамі не толькі з нашага музея, супрацоўнікамі бібліятэк, якія былі папросту шакаваныя падачай пэўнага матэрыялу.

«НН»: Але ж хіба за гэтую яскравую падачу людзі так і любяць дырэктара.

ЗЯ: Хацелася, каб гэта было на рэальнай глебе, на гістарычным грунце, таму што адна справа — расказваць штосьці камусьці на кухні, іншая — у дзяржаўным музеі. Скажам мякка, гэта дыскрэдытуе музей, Міністэрства культуры, а часам і нашу краіну.

«НН»: Спадар Еўмянькоў не першы год на пенсіі. Чаму тады яму дагэтуль працягвалі кантракт?

ЗЯ: Я не хачу адказваць за сваіх папярэднікаў. Я працую ўсяго дзесяць месяцаў, і тых фактаў, якія ўбачыў, мне дастаткова.

А наконт перапалкі з губернатарам… Па-першае, я не ведаю, на якой падставе Анатоль Іванавіч быў на той нарадзе, чаму яго туды запрасілі. Музей знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці і падпарадкоўваецца Міністэрству культуры.

Выходзіць, што ў працоўны час загадчык філіяла з’яўляецца невядома дзе і дыскрэдытуе наш музей. Мы ўсе можам філасофстваваць, размаўляць пра крытэрыі культуры, што павінна акупляцца, што не павінна — гэта ўсё іншая справа. Адказваць трэба ў межах сваёй кампетэнцыі і дзейнічаць паводле службовай інструкцыі.

Спадар Анатоль Іванавіч сам сябе загнаў у пастку, у гэтай сітуацыі вінаваты толькі ён сам. Гэтага ўсяго магло б і не быць.

«НН»: Спадар Еўмянькоў гаворыць пра тое, што на рамонт будынкаў музея папросту не выдаткоўваліся грошы. Ці сапраўды гэта так? Ці мог ён у такой сітуацыі зрабіць штосьці, каб палепшыць стан музея?

ЗЯ: Безумоўна. Але ў яго падпарадкаванні двое рабочых па комплексным абслугоўванні будынкаў, якія павінны за імі даглядаць. Тым больш калі рамонт тычыцца некалькіх дошак. Несур’ёзна казаць, што немагчыма знайсці іх на месцы і прыбіць. Гэта ўсё робіцца элементарна, калі ў будынка ёсць гаспадар.

Тое, што адбываецца цяпер у Завоссі, мне вельмі не падабаецца. Там павінен з’явіцца гаспадар, які ў першую чаргу будзе адказваць за нармальнае функцыянаванне філіяла, бо правядзенне экскурсій — найперш справа экскурсавода.

«НН»: Спадар Еўмянькоў шмат казаў пра тое, што даглядаў і займаўся прылеглымі тэрыторыямі: садзіў дрэвы, кветкі.

ЗЯ: Анатоль Іванавіч сапраўды гэтым займаўся і рабіў гэта цудоўна. Дзякуй яму за гэта, тут пытанняў няма, гэта яго заслуга.

Шчыра кажучы, праз вось гэтую сітуацыю мы не можам нармальна працаваць з філіялам у іншых накірунках. Па-першае, сёлета ў нас 200-гадовы юбілей заснавання таварыстваў філаматаў і філарэтаў і мы планавалі правесці шэраг імпрэз на базе філіяла. Па-другое, планавалі правесці круглы стол, дзе б маглі абмеркаваць, як будзем святкаваць 220-годдзе Адама Міцкевіча, што прыпадае на наступны год.

На жаль, цяпер гэта не выпадае рабіць, паколькі праз некалькі тыдняў у філіял прыйдзе новы чалавек і трэба будзе наладжваць працу і вырашаць усе тыя праблемы, якія дагэтуль не вырашаліся ў філіяле. Але ў нас запланаваная выстава філаматаў і філарэтаў, яна будзе экспанавацца ў верасні ў Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Наваградку, запланаваны круглы стол, які адбудзецца ў Мінску ў канцы наступнага месяца. Будзем працаваць па ўшанаванні памяці Адама Міцкевіча і надалей, безумоўна. Час раскідваць камяні прайшоў, гэта ўсё наша культура, наша спадчына. Мы не можам застацца ў баку ад Міцкевіча і філіяла ў Завоссі ў любым выпадку, бо гэта частка нашага музея. Тым больш што па Кодэксе аб культуры мы з’яўляемся каардынатарам музеяў падобнага профілю. Адпаведна, будзем працаваць у гэтым кірунку.

Падобная сітуацыя ў нас склалася з філіялам Мсціслаўскага музея ў Малой Багацькаўцы, дзе нарадзіліся браты Гарэцкія.

Мы нядаўна арганізоўвалі круглы стол у межах 25-х Гарэцкіх чытанняў, якія штогод праводзяцца на базе нашага музея, і праводзілі круглы стол у Магілёве, дзе разам з мясцовымі ўладамі станоўча вырашылі пытанне аб лёсе філіяла. Было прынята рашэнне не пераносіць яго ў Мсціслаў, а захаваць. Наступны год — юбілейны год Максіма Гарэцкага. Мы спадзяёмся, што разам з магілёўскімі, мсціслаўскімі, горацкімі ўладамі, з якімі будзем праводзіць мерапрыемствы па святкаванні і ўшанаванні яго памяці, здолеем удыхнуць новае жыццё ў музей у Малой Багацькаўцы.

Мы бачым праблемы, якія існуюць ва ўсіх музеях, гэта звязана з нашай агульнай эканамічнай сітуацыяй. Падае колькасць наведнікаў, але на цікавыя культурныя імпрэзы людзі ідуць.

Мы ў гэтым пераканаліся, калі праводзілі «Ракуцёўскае лета», літаратурнае падарожжа «Броўка «1.1.1.» Людзі гатовыя набываць квіткі, выязджаць з намі. Кожны раз мы думаем пра тое, як зрабіць, каб было цікава. Апошнім разам у «Ракуцёўскім леце» ў нас быў сядзібнік. Мы спрабуем рабіць усё, каб людзі пачалі наведваць нашы музеі і іх філіялы. Мы разумеем, што гэта трэба рабіць, мы гэтым займаемся і будзем займацца надалей. І спадзяёмся, што мы гэта зробім агульнымі намаганнямі, у тым ліку з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?