Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на аплату ЖКП у першым паўгоддзі атрымалі 11 тысяч беларусаў. Агульная сума падтрымкі склала 330 тысяч рублёў, паведамляе СТВ. У Мінжылкамгасе лічаць, што «тарыфы ў нас невысокія, насельніцтва здольна аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі без прыцягнення безнаяўных жыллёвых субсідый».

Ад 1 кастрычніка мінулага года ў Беларусі пачала працаваць новая сістэма прадастаўлення дзярждапамогі на аплату жыллёва-камунальных паслуг, нагадвае tut.by. Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, указ аб увядзенні якіх падпісаў прэзідэнт у канцы жніўня мінулага года, з'явіліся ў жыроўках беларусаў ужо з лістапада.

Безнаяўную субсідыю можна атрымаць на ўсе асноўныя ЖКП, у тым ліку ацяпленне, і выдаткі, якiя вяртаюцца (асвятленне дапаможных памяшканняў, ліфт). Усё, што знаходзіцца ў жыроўцы пад графой «Дадатковыя паслугі», а таксама спажыванне асноўных ЖКП звыш нормы не ўлічваюцца падчас разліку дзярждапамогі. Таму, калі чалавек выдаткаваў за месяц больш пакладзенага, яму дадуць субсідыі толькі на тую суму, якая пакрывае норму. Усё астатняе прыйдзецца аплачваць самому.

Субсідыі даюць, калі на аплату жыроўкі (без перавышэння нарматываў спажывання) будзе сыходзіць больш за 20% прыбытку гарадской або 15% прыбытку вясковай сям'і.

- Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі да 15 рублёў атрымалі каля 60% з гэтых 11 тысяч, больш за 15 рублёў - астатнія грамадзяне. Час паказаў, што, сапраўды, тарыфы ў нас невысокія, насельніцтва здольна аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі без прыцягнення гэтых безнаяўных жыллёвых субсідый. Усё ж такі 11 тысяч чалавек - гэта зусім не высокая лічба, - заявіў начальнік упраўлення эканомікі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Дзмітрый Казаноўскі.

Раней у Беларусі перагледзелі нормы спажывання некаторых ЖКП для разліку безнаяўных субсідый, у тым ліку павялічылі нарматыў на тэхабслугоўванне ліфта і спажыванне электраэнергіі, якая выкарыстоўваецца на працу ліфтаў.

Нагадаем, КДК падрыхтаваў прапановы па зніжэнні сабекошту жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі на 7,3%.

У мінулым годзе ў КДК распавядалі аб неабгрунтаваным павелічэнні тарыфаў на ЖКП і пераплатах насельніцтва. Пазней рабочая група Камітэта дзяржкантролю выпрацавала прапановы па зніжэнні выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі і павышэнні акупнасці паслуг з боку насельніцтва.

Раней намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін заяўляў, што тарыфная палітыка ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна адпавядаць узроўню даходаў насельніцтва.

Да канца гэтага года беларусы будуць кампенсаваць 75% выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, а да канца 2018 года - 100%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0