16 жніўня на лінію «102» паступіла паведамленне ад намесніка старшыні аднаго з гаражных кааператываў Магілёва, які расказаў, што ў адным з гаражоў знаходзіцца невядомы, а ў памяшканні выяўленыя колбы з невядомым рэчывам, піша прэс-служба УВД Магілёўскага аблвыканкама.

Супрацоўнікі міліцыі прыбылі на месца і затрымалі 23-гадовага магілёўца. У гаражы, які, па яго словах, ён здымаў у знаёмага, былі выяўленыя рэчывы, прыдатныя для вырабу выбуховых рэчываў і выбуховых прылад.

Як расказаў першы намеснік начальніка УУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Васільеў, падчас агляду па месцы жыхарства затрыманага былі знойдзены таксама хімічныя кампаненты для вырабу выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, самаробныя прадметы, падобныя да агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

Папярэдне супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што затрыманы вырабляў самаробныя выбуховыя прылады, начыненыя цвікамі, шрубамі і свінцом і выпрабоўваў іх на адкрытай мясцовасці.

Канфіскаваныя прадметы накіраваныя на экспертызу, распачатая крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0