«Ратаўніца, на выезд! У нас цяжкі трохсоты. Асколачнае раненне. Бягом!» Праз дзве хвіліны беларускі рэанімабіль ужо імчыцца па разбітых франтавых дарогах Данбаса. Карэспандэнт Вадзім Заміроўскі правёў некалькі дзён з медыкамі-добраахвотнікамі, каб паглядзець, як працуе Ратаўніца.

У сакавіку 2015 года беларускія і ўкраінскія валанцёры супольна сабралі грошы на куплю рэанімабіля для працы на Данбасе. Машыну прыгналі з Германіі і падрыхтавалі да працы на фронце. Па выніках галасавання ў сацсетках рэанімабіль атрымаў назву Ратаўніца. У красавіку 2015 года Ратаўніцу ўрачыста перадалі медыкам з добраахвотнага мабільнага шпіталя ПДМШ (Першы добраахвотніцкі мабільны шпіталь). За час працы на фронце Ратаўніца ўжо вывезла з лініі фронту некалькі сотняў параненых салдат і мірных жыхароў.

ПДМШ, дзе працуе беларуская Ратаўніца, базуецца побач з горадам Валнаваха, на поўдзень ад Данецка. Але перад тым, як трапіць у добраахвотніцкі шпіталь, мне неабходна заехаць у горад Краматорск. Тут усе журналісты, якія едуць у зону АТА, мусяць атрымаць акрэдытацыю. Блізкасць вайны ў горадзе ўжо практычна не заўважная. На вакзалах не дзяжураць узброеныя вайскоўцы, ды і ў горадзе людзей у форме амаль не відаць. Горад жыве звыклым павольным данбаскім жыццём. Людзі стаміліся ад вайны.

— Вось ты ведаеш, чым адрозніваецца народ ад насельніцтва? — дзеліцца сваёй жыццёвай мудрасцю гаваркі таксіст. — Не ведаеш, а я табе скажу: народ — гэта тыя, хто ўдзельнічае ў палітычным жыцці краіны, а я вось — насельніцтва. Адчапіцеся ад мяне з гэтай вайной, я хачу нармальна жыць.

«Мы не жадаем адзін аднаму добрай ночы»

Увечары дабіраюся на базу ПДМШ. Гэта хата ў прыватным сектары пасёлка. За хатай — акоп, напэўна, на выпадак абстрэлу, вокны задрапіраваныя, але светлавой маскіроўкі тут няма — да лініі фронту адсюль яшчэ некалькі кіламетраў.

Знаёмімся з медыкамі-добраахвотнікамі і медротай ВСУ, якая раскватараваная тут жа.

— А што, нібыта тут спакойна зараз? — пытаюся ў вайскоўцаў.

— Ну, хадзем, паслухаем шум мора, — адгукаецца на пытанне начмед з пазыўным Док.

Выходзім на двор. Цішыню паўднёвай ночы перыядычна разразаюць чэргі 30 мм гарматы. Здалёк яны і праўда падобныя да шуму прыбою. — Такая ў нас рамантыка — як на курорце.

— Выезды ў вас часта зараз бываюць? — цікаўлюся ў медыкаў.

— Ох, давай я не буду адказваць, а то зараз як скажу, дык дакладна што-небудзь здарыцца.

Праз 10 хвілін павер’е спраўджваецца. Паступае званок: машына з двума хворымі заглухла на дарозе і чакае нашай дапамогі. Дзяўчаты збіраюцца на выезд за дзве хвіліны, а начмеда даводзіцца пачакаць.

— Док, а раптам вайна, а ты такі павольны, — жартуюць напарніцы.

Атрымліваем у штабе пароль — ён патрэбны для руху ў начны час каля фронту — і мчымся з мігалкамі на выклік.

— Вось я ж казала, не пытайся больш пра такое, — мяне крытыкуюць у машыне.

— У нас тут свае забабоны, — тлумачыць Док. — Мы не жадаем адзін аднаму добрай ночы і не гаворым пра выезды, каб не сурочыць. А то ноч дакладна спакойнай не будзе.

Машына, якая чакала дапамогі, завялася так жа раптоўна, як і заглухла. Хворых даставілі без нашай дапамогі. Каманда вяртаецца на базу.

— Ну, галоўнае, што ўсе жывыя, але маглі б і нам паведаміць, — кажуць медыкі.

На базе развітваемся да раніцы, па звычцы кажу «дабранач».

— Ну вось, ты зноў за сваё, — адгукаюцца медыкі.

Праз некаторы час раздаецца званок.

— Віка, Марына, бягом на выезд, у нас цяжкі трохсоты. Вушы, вушы [фанендаскоп] вазьмі і кропельніцы, там асколачнае раненне.

Праз пару хвілін каманда ў зборы — і Ратаўніца імчыцца захаваць чыёсьці жыццё. У рэанімабілі нервовае напружанне: вельмі важна паспець своечасова. «Усё, можаце не спяшацца», — гучыць, як прысуд, з рацыі. Гэта значыць, салдат ужо памёр.

— Чорт, ненавіджу, калі так! — усклікае Віка.

Брыгада прыбывае на месца ўжо толькі для таго, каб засведчыць смерць. Баец падарваўся на гранаце пры пакуль нявысветленых абставінах. На базу вяртаемся ў поўным маўчанні.

— Добрай ночы, — развітваецца салдат, які суправаджаў нас.

Ніхто з медыкаў яму не адказвае.

Наступныя пару дзён выдаліся ціхімі. Днём медыкі займаюцца сваімі справамі, галоўны абавязак тут — дзяжурства на рацыі, каб імгненна выехаць на выклік.

— Усё ж я вас не разумею, — звяртаецца салдат да медыкаў-добраахвотнікаў. — Вам жа нават не плацяць за гэта. А калі няма выклікаў, вы ўсё роўна ўвесь дзень на базе сядзіце?

— Ну, калі мы тут сядзім проста так, значыць, усе жывыя і здаровыя.

Бліжэй да вечара хто-небудзь бярэ на сябе ініцыятыву і гатуе вячэру. Уся медрота і медыкі ПДМШ збіраюцца ў двары. Знаёмімся з добраахвотнікамі бліжэй. Віка — фельчарка па адукацыі, прыехала з Кіева, ёй 24 гады. Яе напарніца Марына — старэйшая на 10 год, яна доктар анестэзіёлаг-рэаніматолаг з горада Сумы.

«Пасля першай ратацыі я перастала фарбавацца»

Дзяўчыны патрапілі ў ПДМШ па аб'яве ў інтэрнэце. Віка хацела пайсці на кантракт у войска, але мінімальны тэрмін — тры гады, а значыць, яна губляла б курс, які ўжо правучылася ва ўніверсітэце. А ў сакавіку 2015 года запоўніла анкету, каб трапіць сюды. Ёй патэлефанавалі праз пару дзён, у красавіку яна ўжо была на фронце.

Марына прыехала па прапанове калег, разам было не так страшна. Яны папрацавалі месяц, у суседні дом трапіў снарад, ад выбухной хвалі на іх звалілася сцяна. Марына кажа, што яе «засмактала», і яна прыязджае на сваю дзявятую ратацыю, кожная з якіх доўжыцца месяц.

— Як ставяцца родныя да вашай працы?

Марына: Мае бацькі цалкам мяне падтрымліваюць. Хвалююцца, стэлефаноўваемся кожны вечар, але яны мяне ведаюць: калі я нешта вырашыла, мяне не пераканаць. Папрасілі толькі ўзімку не ездзіць — баяцца, што захварэю.

Віка: А для маёй сям'і вайны як быццам і не існуе, таму для іх маё рашэнне было шокам.

— Чым займаецеся, калі вяртаецеся дадому?

Віка: За той час, што я працую ў ПДМШ, у мяне назапашваецца вялікая колькасць «хвастоў» па вучобе, таму заняцца мне там ёсць чым. На працу я не ўладкавалася: ну каму патрэбен такі работнік, які то ў інстытуце, то на Данбасе?

Марына: У мірным жыцці я проста вяртаюся на працу. Галоўная доктарка ў нас патрыётка, адпускае мяне сюды ў камандзіроўкі. Грошы за гэта я атрымліваю смешныя, у апошні раз вось атрымала 4 тысячы грыўняў (каля 300 беларускіх рублёў), але я ж не па грошы сюды езджу. А вось калегі, бывае, крыўдзяцца — ім складана раздзяжурваць мае змены.

— Хто вас забяспечвае: валанцёры ці дзяржава?

Марына: Мы цалкам добраахвотніцкі праект і існуём цалкам за кошт добраахвотных ахвяраванняў і дапамогі валанцёраў.

— Як ставіцеся да дапамогі ад беларусаў у выглядзе Ратаўніцы?

Марына: Гэта, вядома, вельмі прыемна, бо рэанімабіль — гэта галоўнае ў нашай працы. Я памятаю, як нам яе прывезлі ў 2015 годзе і ўрачыста ўручалі. «Рататуйчык», так мы яе пяшчотна называем, у нас баявая баба — то ёй тармазныя калодкі прастрэлілі, то на мясцовых дарогах падвеску разбілі, але валанцёры нам і з рамонтам дапамагаюць.

— Як змянілася ваша стаўленне да жыцця, смерці і вайны менавіта праз гэтую працу?

Марына: Ды ў мяне і дома праца такая ж (смяецца), а калі сур'ёзна: пасля першай ратацыі я перастала фарбавацца, сачыць за тым, у што я апранутая, і купляць дарагія ўпрыгожванні, проста я ўсвядоміла, што ёсць рэчы куды больш важныя. Я не магу растлумачыць гэта словамі, гэта эмацыйнае. Тут ты ўсведамляеш усю важнасць жыцця і сяброўства, таму што яны могуць абарвацца ў любы момант.

— Ці бываюць сімулянты сярод пацыентаў альбо наадварот тыя, хто не жадае з’язджаць з перадавой?

Марына: Бываюць сімулянты, але мы на іх не крыўдуем. Іх можна зразумець: сядзіць чалавек на пазіцыях месяц-другі невылазна і прыдумляе, напрыклад, што яму зуб баліць. Ды яму проста ў горад хочацца, людзей убачыць, у краму схадзіць. Але звычайна бывае наадварот — у бальніцу не зацягнеш. Аднойчы хлопец з асколкам у назе адмахваўся ад дактароў: нікуды не паеду, застануся на пазіцыі. Сілай зацягнулі яго ў машыну.

— Узгадаеце самыя страшныя моманты?

Віка: Страшна працаваць у адзіночку. Страшна, што не хопіць досведу і ведаў выратаваць параненага, што не давязу. Але такога ў мяне яшчэ не было. Летась быў у мяне выпадак на другой пазіцыі: выключылі электрычнасць, на вуліцы навальніца, гром, лівень. Мы ляглі спаць і чуем: ба-баах! Мы апрануліся і пабеглі на гук, а тут ужо і рацыя пачала разрывацца. Мы забеглі ў тое памяшканне, дзе граната ўзарвалася, а там сцяну знесла, нейкія рэчы загарэліся, святла няма, дым стаіць, усе кашляюць, вочы слязяцца. Вось тады было страшна ад нечаканасці, але я як убачыла пацыента, страх выключыўся і вочы ўжо не слязяцца і нічога не замінае.

— Ці зможаце вярнуцца да мірных прафесій?

Марына: Мы туды заўсёды вяртаемся, але гэта вельмі цяжка даецца: я нават сплю дома ў спальніку па звычцы. Там усе людзі ў нейкіх сваіх клопатах: дыскатэкі, салюты, пастаянны рух — усё гэта складана ўспрымаць, вярнуўшыся з фронту.

Віка: Складана яшчэ і ад таго, што, прыязджаючы дадому, ты разумееш, што там, на фронце, нічога не скончылася: тыя ж раненні і хваробы, а ты чамусьці тут, дома. І цябе адразу ж цягне назад, асабліва калі я бачу ў сацсетках, што на нашым участку зноў абвастрэнне. Магчыма, калі ўсё скончыцца, вярнуцца ў мірнае жыццё будзе прасцей, а пакуль што ездзіць туды-сюды — гэта невыносна цяжка.

— Як ставяцца да медыкаў праціўнікі? Ці былі выпадкі з пагрозай на жыццё, абстрэлы?

Марына: Мы чулі, што з таго боку за нас даюць узнагароду, за любога медыка. А наогул мы не баімся. І ў першы абстрэл амаль не страшна было. Страх прыходзіць потым. Памятаю, уляцелі мы ў нейкі склеп. Вайскоўцы крычаць: «Ратуй медыка» — і ўсе на мяне паваліліся, дык я баялася, што калі не ад абстрэлу загіну, то проста задыхнуся пад імі. А ўжо калі забралі параненага і выехалі з зоны абстрэлу, бачу: рукі ходырам ходзяць.

Бывае, што сутыкаемся з агрэсіяй таварышаў, якія прывезлі параненага. Адзін раз мне прывезлі ўжо труп, але навокал было чалавек 10, і ўсе гарлапаняць на мяне: «Ратуй». І я паўгадзіны адкачвала труп, проста каб іх супакоіць. Але гэта стан афекту, і мы іх за гэта не вінавацім.

— Ці з’язджалі з глузду на вашых вачах пацыенты, дактары?

Віка: Скажам так, гэта называецца, па-правільнаму, стрэсавая рэакцыя і ў кожнага яна выяўляецца па-свойму: хтосьці сыходзіць у сябе і нікога не падпускае, нехта пачынае істэрычна гарлапаніць ці смяяцца, хтосьці становіцца агрэсіўным, а хтось проста пачынае піць. Вы гэта называеце «з’ехаць з глузду», а гэта проста моцны стрэс і гэта нармальная рэакцыя арганізма на ненармальныя ўмовы. З гэтым проста трэба ўмець працаваць, асабліва псіхолагам. Людзі думаюць, што яны выбіліся з розуму, таму што ім ніхто не тлумачыць, што гэта ўсё нармальна: што і аба*рацца, аба*сацца падчас абстрэлу — гэта таксама нармальна і смяяцца з гэтага нельга.

— Вы бачыце кожны дзень боль і пакуты больш за астатніх. Ці варты кавалак тэрыторыі ўсяго гэтага чалавечага гора?

Віка: Звычайна я ўсім кажу, што я не патрыёт, бо лічу, што ніводзін кавалак зямлі не варты пралітай крыві чалавека. У мяне было два сябры яшчэ з Майдану, і абодва яны загінулі. Я была на пахаваннях і не ўпэўненая, што вось тыя слёзы, тое гора і крыкі маці вартыя ўсяго гэтага. Але я не кажу, што не трэба змагацца.

Марына: А я лічу, што любы кавалак зямлі варты таго, каб за яго змагацца. Гэта мая зямля, і я метра яе не аддам нікому.

Другі дзень народзінаў

Наступным днём, па традыцыі, усе медыкі сядаюць вячэраць за стол у двары дома, але гэтым разам пад кананаду артылерыі, што ўзмацняецца, пакуль мы ямо.

— Там сур’ёзная вайна пачалася. Будзьце ўсе гатовыя, — папярэджвае Док.

Над сталом навісае напруга, ежа ўжо не лезе ў горла. Сапраўды, праз некалькі хвілін паступае выклік. Каманда Ратаўніцы імгненна зрываецца з месца і бяжыць да машыны. Каля 10 хвілін па выбоістых дарогах — і мы на месцы эвакуацыі. Раненне сцягна. Дзяўчыны працуюць хутка і зладжана, ранены ў прытомнасці і нават жартуе.

— Табе абязбольваючае ўжо калолі?

— Ды не, проста гарэлкі налілі. Ай, не чапай, я ж не падстаўка табе!

— Сонейка, усё добра, мы проста правяраем, ці з намі ты. Ужо амаль прыехалі, яшчэ крыху патрывай.

З мігцелкамі заязджаем у горад — і праз некалькі хвілін медыкі ПДМШ ужо перадаюць параненага ў шпіталь.

Вяртаемся на базу. Седзячы на ганку, медыкі абмяркоўваюць раненне і аказаную дапамогу. Яшчэ да эвакуацыі салдаты так хутка і правільна наклалі параненаму турнікет і павязку, што ў дарозе не прыйшлося пераробліваць гэтую працу.

— Ну што, дзяўчаты, віншую вас, у вас сёння дзень народзінаў, другі, — выходзіць на ганак Док.

Яму толькі што паведамілі са шпіталя, што ў назе параненага была граната ад гранатамёта АГС, якая магла ўзарвацца ў любы момант.

Тая самая 30-міліметровая граната:

Фота з фэйсбука Алёны Вярбіцкай.

Фота з фэйсбука Алёны Вярбіцкай.

На вуліцы стала ціха, замест строкату кулямётаў і грохату артылерыі слухаем строкат конікаў. Радыёэфір таксама маўчыць. Вайна скончылася. Прынамсі на сёння.

Сярод ночы ваенная рацыя ажывае нязвыклым для яе пасланнем без пазыўных:

— Сонейка, я кахаю цябе.

— Я цябе таксама, — адазвалася «сонейка».

Гуманітарны маршрут «Беларусь — АТО» — валанцёрская ініцыятыва, што ўжо трэці год дапамагае медыкам і грамадскаму насельніцтву ў зоне канфлікту. Валанцёры гуммаршрута сабралі ды адправілі ва Украіну больш за 11 тон гуманітарнай дапамогі і набылі тры адзінкі медыцынскай тэхнікі. Падтрымаць гуммаршрут і пачытаць пра яго падрабязней можна па спасылцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?