Беларусазнаўства ўсё актыўней развіваецца на Захадзе. У Нямеччыне паступова афармляюцца важныя даследчыя асяродкі, якія цікавяцца Беларуссю: найперш вылучаюцца ўніверсітэты Ольдэнбурга і Гісэна. Невыпадкова ў гэтай сувязі, што чарговая прэмія Кангрэсу даследчыкаў Беларусі мае асобную намінацыю для нямецкамоўных прац.

Неўзабаве мае выйсці чарговае даследаванне, прысвечанае беларускай (дакладней — беларуска-польскай) тэматыцы. Калектыўную манаграфію аб гісторыі Белавежскай пушчы Томас Бон, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі ва ўніверсітэце Гісэна (Нямеччына), прадставіў у красавіку ў мюнхенскім Фондзе Сіменса.

Пастаноўка пытання ў даследаванні разглядае нацыянальны парк у ягоным гістарычным развіцца як дужку, якая злучае два спосабы пісаць гісторыю — гісторыю рэгіёна і гісторыю навакольнага асяроддзя. Даследчыкі, якія працавалі над кнігай, — акрамя прафесара Бона гэта былі Аляксандр Далгоўскі (гісторык з Мінска) і Маркус Крошка (нямецкі даследчык, які вывучае Польшчу), — ставілі сабе за мэту разгледзець узаемадзеянні палітычных структур, сацыяльных груп і прыроднага асяроддзя.

Такая перспектыва дазволіла залучыць у кнігу шырокі спектр праблем. Гэта і звычайныя гістарычныя сюжэты: змена палітычных сістэм і рэжымаў, уплыў распрацаваных імі ідэнтычнасцей і лаяльнасцей. Гэта лакальныя пытанні аб тым, як узаемадзейнічалі тутэйшыя жыхары, немясцовыя ўласнікі лесу ці прысланыя імі адмыслоўцы і замежныя эколагі і абаронцы прыроды. Сімвалічнае і практычнае значэнне зуброў і ўласна лесу, супрацоўніцтва палякаў і беларусаў, замацаванне амерыканскай ідэі нацыянальнага парку, логіка нямецкай акупацыйнай улады былі сярод іншых тэм кнігі.

Цікава, што для рэкламы лекцыі арганізатары выкарысталі фігуру дзейнага прэзідэнта Беларусі: «Якое дачыненне да зубра мае Лукашэнка?» Гэтае пытанне пашыралася наступным чынам: «Наколькі лёс апошняй еўрапейскай лясной нерушы знітаваны з палітыкай Лукашэнкі? Ці ўздзейнічае «адказны» турызм на беларускую аўтакратыю? І наколькі беларускае змаганне за большую самастойнасць ад Расеі і асцярожнае збліжэнне з Заходняй Еўропай адбіваецца на ўтрыманні парку, з ягонымі 800 дзікімі быкамі, якія жывуць у свабодзе? І як складваецца польска-беларускае супрацоўніцтва ў адміністраванні парку?»

Уласна кніга ўяўляе сабой «скразную» гісторыю Белавежскай пушчы. У дакладзе значная ўвага надавалася таксама міфам, якія ўзніклі вакол пушчы пераважна за апошнія 200 гадоў. Уваходжанне Белавежскай пушчы ў мадэрновую літаратуру адбылося дзякуючы польскім рамантыкам (на жаль, у дакладзе застаўся абмінуты ўвагай Мікола Гусоўскі). Для Міцкевіча пушча была сучасніцай польскага караля, а зубр і іншыя жывёлы — імператарамі першабытнага лесу.

Пушча функцыянавала як месца памяці, сімвалічнае ўвасабленне здольнасці да супраціўлення — як супраць расійскіх цароў, так і нямецкіх акупантаў. У тым ліку з гэтай прычыны зубры сталі часткамі помнікаў у Гайнаўцы і ў Камянцы. 

Галоўнай задачай калектыўнага даследчага праекта была «гістарызацыя» (г. зн. разгляд у гістарычным кантэксце) пагранічнага помніка экалогіі. Апошні ў 2004 годзе раптам стаў мяжой паміж «вольным светам» і «апошняй дыктатурай Еўропы». Аднак прафесар Бон разглядае такое ўспрыманне як памылковае, бо парк з’яўляецца прыкладам супрацоўніцтва беларускіх і польскіх уладаў.

Значэнне Белавежскай пушчы вынікае найперш з таго, што гэта — апошні такога кшталту лясны масіў у Еўропе. З гэтай прычыны ў 1979 годзе польская частка пушчы была ўключаная ў сусветны спіс спадчыны ЮНЕСКА; у 1992 годзе туды далучыўся беларускі абшар. У 2014 годзе, на падставе супольнай заяўкі беларускай і польскай адміністрацый парку, Белавежская пушча стала разглядацца ў спісе як адзіны аб’ект.

На працягу сваёй гісторыі пушча «абрасла» шматлікімі культурнымі міфалогіямі, якія дынамічна змяняліся ў залежнасці ад палітычных рэжымаў, граніц, ідэнтычнасцей. Пушча служыла «плошчай ментальных праекцый фантазій аб першабытным лесе». Канкрэтнымі прыкладамі такіх міфалогій з’яўляюцца вобразы «імператара пушчы» (так Міцкевіч характарызаваў зубра), або ўяўленне пра 600-гадовую гісторыю запаведніка.

Аб’ектам цікавасці даследчыкаў з’яўляюцца таксама дачыненні, што складваюцца паміж прыродай, жывёламі і чалавекам. Так, у канцы ХІХ стагоддзя мясцовае насельніцтва ўжывала для самаабазначэння агульнапашыранае паняцце «тутэйшы». Пазней, з міжваеннай пары, пашыраецца саманазва «пушчанцы» — як спосаб адмежавацца ад тых, хто жыве ў «полі».

У вялікай гісторыі пушчы, якая была і «літоўскім лесам» у культуры Рэчы Паспалітай, і «царскім лесам» у Расійскай Імперыі. У ХІХ стагоддзі адбываецца інтэрвенцыя чалавека ў прастору пушчы: царскі двор, які непасрэдна кіраваў лесам, разбудаваў тут у другой палове стагоддзя адпаведную інфраструктуру. У 1888 годзе пачалася нарыхтоўка драўніны.

У Першую сусветную вайну нямецкія акупацыйныя ўлады ставілі за мэту стварыць у пушчы «ўзорную гаспадарку», якая служыла б навочным прыкладам перавагі нямецкага парадку. Адбылася далейшая разбудова інфраструктуры: напрыклад, была пабудаваная чыгунка. Пасля гэтую спадчыну выкарыстала Польшча, якая прадала кансэсію для нарыхтоўкі лесу брытанскай фірме.

Асобны цікавы сюжэт утварае гісторыя папуляцыі зуброў, якая была знішчаная ў 1919 годзе. У канцы 1920-х гадоў ідэя аднаўлення папуляцыі знайшла міжнародную падтрымку, найперш у Нямеччыне. У гэтай справе канкуравалі польскія і нямецкія вучоныя. Пасля 1945 года гэтая дзейнасць набыла на нейкі час розныя траекторыі ў СССР і ў Польшчы. Пад уплывам лысенкаўшчыны савецкія навукоўцы рабілі эксперыменты са скрыжаваннем розных відаў зуброў. У ходзе дэсталінізацыі было дасягнутае прынцыпова пагадненне паміж польскімі і савецкімі калегамі: у пушчу меліся далей дапускацца толькі расава чыстыя жывёлы.

Цікава, што некаторыя маскоўскія спецыялісты выказвалі незадавальненне канцэнтрацыяй развядзення зуброў у Белавежскай пушчы. Успрымаючы зубра як сімвал савецкага патрыятызму, яны прапаноўвалі перамясціць гэтую індустрыю бліжэй да Масквы, у адмысловы парк.

У Другую сусветную вайну вялікі інтарэс да пушчы выяўляў Гёбельс, які лічыў, што зубры сімвалізуюць найлепшыя якасці арыйскай расы («характэрна германская жывёла»). З гэтай прычыны рабіліся спробы стварэння ў пушчы «імперскай паляўнічай прасторы». Гэта адбылася ў межах расісцкага пераўпарадкавання прасторы — побач са знішчэннем габрэяў і паленнем вёсак.

Пасля вайны пушча была падзеленая паміж Польшчай і СССР. Гэта была саступка Сталіна польскаму ўраду ў выгнанні, паколькі лінія Керзана ў 1919 годзе прызнавала, што тэрыторыю пушчы і вакол яе насяляюць беларусы і ўкраінцы, а не палякі. Беларуская партыйная эліта спрабавала пераканаць Маскву ў немэтазгоднасці такога падзелу, але безвынікова.

Цікава змяняўся статус пушчы ў СССР пасля вайны. З аднаго боку, Сталін гатовы быў дэманстраваць у пушчы клопат аб прыродзе. Гэта была свайго кшталту «кампенсацыя» амбіцыйных праектаў умяшання ў экалогію (паварот рэк, напрыклад). У той жа час Хрушчоў выказваў менш натхнення ў дачыненні да гэтай ідэі (які меў на мэце вялізную праграму жыллёвага будаўніцтва і імкнуўся зменшыць астатняе «марнатраўства»). У выніку ў канцы 1950-х склаўся цікавы «падвойны» статус пушчы: як прыроднага запаведніка і як эксклюзіўных паляўнічых угоддзяў.

Абшар пушчы стаў у гэты час недаступны для мясцовага насельніцтва, затое яго наведвалі кіраўнікі савецкай дзяржавы. Напрыклад, Хрушчоў сем разоў быў у Белавежы, Брэжнеў паляваў тут тройчы. Гэты эксклюзіўны статус быў паддадзены крытыцы ў гады галоснасці.

У верасні 1991 года пушча набыла статус нацыянальнага парку, які фармальна асягаў увесь лясны масіў. Цікава, што сам канцэпт нацыянальнага парку быў запазычаны з Амерыкі. У ім закладзеныя два асноўныя моманты: абарона прыроднай спадчыны і гаспадарчы чыннік турызму.

У 1994 годзе пушча перайшла пад прамое кіраванне Адміністрацыі прэзідэнта. Яна цяпер фінансавалася дзяржавай толькі часткова, таму мусілі развівацца розныя пабочныя бізнэс-актыўнасці. Гэта прывяло да канфліктаў паміж рознымі групамі інтарэсаў: адміністрацыяй, навукоўцамі, мясцовым насельніцтвам. Галасы незадаволеных заглушаліся праз звальненні.

Паступова ўсё больш відавочным станавіўся сімвалічны і турыстычны патэнцыял пушчы. З 2000-х гадоў ў Беларусі актыўна эксплуатуецца вобраз зубра, пазней гэткая тэндэнцыя назіраецца і ў Польшчы. Найбольш яскравым прыкладам, безумоўна, з’яўляецца Волат — талісман чэмпіянату па хакеі 2014 года.

Новыя імпульсы беларускага кіравання пушчай былі дадзеныя юбілейнымі святкаваннямі 2009 года. Лукашэнка абвясціў прыродны помнік нацыянальнай святыняй. У адміністрацыйнай практыцы гэта значыла рэактывацыю старога канцэпту «нацыянальнага парку». У гэтым праявілася «ўлада дыскурсу», далёкі эфект экалагічнага павароту, які адбыўся ў 1970-я гады.

Кніга «Wisent-Wildnis und Welterbe. Geschichte des polnisch-weissrussischen Nationalparks von Bialowieza» («Пушча зуброў і сусветная спадчына. Гісторыя польска-беларускага нацыянальнага парку Белавежа») мае выйсці ў верасні 2017 года, у выдавецтве «Böhlau».

Відэазапіс выступлення Томаса Бона ў Мюнхене даступны для прагляду на YouTube-канале Школы даследаванняў Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы (па-нямецку).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?