Каманда Google зрабіла ўсё, каб карыстальніку кампутара не было патрэбы выходзіць у офф‑лайн. Перапісвацца, чытаць навіны, перамаўляцца, пісаць блогі і дакумэнты, майстраваць трохмерныя выявы, падарожнічаць па плянэце ды багата чаго яшчэ можна не выходзячы з тэрыторыі Google’a.

Уклаўшы столькі сілаў у стварэньне зьместу, google’аўцы задумаліся пра форму. «Мы зразумелі, што трэба зноў вынайсьці браўзэр», — прызнаўся ў блогу кампаніі віцэ‑прэзыдэнт па разьвіцьці праграмных прадуктаў.

Зрэшты, першыя чуткі пра распрацоўку Google’ам браўзэру папаўзьлі яшчэ чатыры гады таму. І вось учора ў афіцыйным блогу (і тут не як ва ўсіх!) быў нечакана анансаваны выхад першапачатковай вэрсіі Google Chrome — акурат сёньня, у аўторак 2 верасьня.

Пакуль браўзэр не зьявіўся для сьцягваньня, google’аўцы выпусьцілі 38‑старонкавы маляваны комікс, які распавядае пра ягоныя магчымасьці.

Адмыслоўцы прабегліся па вясёлых карцінках і заінтрыгавалі карыстальнікаў. Паводле іх высноў, Chrome зусім ня проста браўзэр. Хоць па першым часе ён складзе канкурэцыю Firefox’у і Internet Explorer’у, з заяўленымі магчымасьцямі ён можа неўзабаве замахнуцца і на… Windows.

Тым ня менш, распрацоўшчыкі пасьпяшаліся заявіць, што прадукт будзе яшчэ сыраватым, і заклікалі карыстальнікаў дасылаць свае заўвагі і прапановы. Мяркуецца, што тэставы пэрыяд можа зацягнуцца на тры гады — да сканчэньня партнэрскае дамовы з Firefox’ам.


Сайту techcrunch.com удалося здабыць здымкі браўзэра Google Chrome. Яны былі скапіяваныя з ґуґлаўскай старонкі браўзэра, якая была даступная кароткі час

Глядзі яшчэ:
Комікс пра ґуґлаўскі браўзэр

Паводле googleblog.blogspot.com, «Вебпланета», techcrunch.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?