Студэнты ў беларускіх ВНУ дагэтуль вывучаюць тэорыю літаратуры або паводле савецкіх падручнікаў, або паводле расійскіх ці беларускіх, якія ўсё адно заснаваныя на (пост)савецкіх шаблонах і ідэалагічных штампах. Як вынік, агульная гуманітарная адукацыя ў Беларусі існуе асінхронна з сусветнай гуманістыкай. Базавыя паняцці заходняга свету нічога не кажуць выпускнікам айчынных філфакаў. Дапытлівыя студэнты і аспіранты дойдуць да ведаў самі, насуперак абставінам: перакладуць, адкапаюць патрэбную інфармацыю ў бібліятэках ці інтэрнэце. Але агульны фон ад гэтага не мяняецца.

Менавіта таму каманда неабыякавых адмыслоўцаў пераклала на беларускую мову «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» — грунтоўнае акадэмічнае выданне, якое змяшчае найбольш поўнае апісанне ўсяго, што адбывалася ў сусветнай гуманістыцы за апошнюю сотню гадоў.

Дзякуючы вам сабрана ўжо 22%!

Толькі да 24 верасня можна перадзамовіць і гарантавана атрымаць выданне «Тэорыі літаратуры ХХ ст». Звярніце ўвагу, што пазней у крамах кніга будзе каштаваць значна больш, бо будзе ўлічаны як рэальны (на момант выдання) сабекошт, так і крамная нацэнка.Пры вызначэнні накладу мы будзем арыентавацца на колькасць перадзамоваў і на сабраныя сродкі, так што выдадзена будзе толькі крыху больш асобнікаў, чым перадзамоўлена. Гэта азначае, што калі перадзамоваў будзе мала, дадатковых кніг у крамах будзе няшмат, а іх сабекошт будзе вышэйшы, чым запланавана цяпер. Таму перадзамова - адзіны гарантаваны шлях атрымаць кнігу па добрай цане. Адклад не йдзе ў лад, як той казаў. 

Падтрымаць праект можна тут.

Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адной кнізе апісваюць найважнейшыя тэорыі літаратуры мінулага стагоддзя ад псіхааналізу да посткаланіялізму. Аўтары прыклалі ўсе намаганні, каб багацце зместу і кампетэнтны аналіз ішлі ў пары з яснасцю і празрыстасцю расповеду. Кожнай з асобных плыняў тэорыі літаратуры прысвечаны асобны раздзел, дапоўнены карыснымі дадаткамі: тлумачэннем ключавых паняццяў, храналогіяй і шырокай бібліяграфіяй. Несумнеўным плюсам з’яўляецца таксама вобразная мова, дзякуючы якой кніга проста цудоўна чытаецца. Напрыканцы змешчаная раскладная «мапа» тэорый літаратуры. Дзякуючы гэтаму кнігу можна параіць не толькі будучым літаратуразнаўцам, але ўсім студэнтам гуманітарных спецыяльнасцей. Выданне тычыцца не толькі літаратуры, а шырока закранае філасофію, мовазнаўства, культуралогію, з'яўляецца па сутнасці зборнікам ідэяў, без ведання якіх сёння складана ўявіць сабе адукаванага чалавека. Такога выдання яшчэ не было. Кніга была абсалютнай навінкай на польскім рынку і зробіць рэвалюцыю ў беларускай гуманітарыстыцы.

Галоўная задача ініцыятараў праекта — не проста надрукаваць гэтае больш чым 600-старонкавае выданне, але і распаўсюдзіць па бібліятэках і гуманітарных асяродках Беларусі, каб доступ да гэтай кнігі атрымала як мага больш студэнтаў і выкладчыкаў.

Сваім унёскам вы рухаеце наперад айчынную гуманітарыстыку, ствараеце беларускі інтэлектуальны дыскурс, робіце яго сучасным і ўключаеце ў сусветны кантэкст, перакананыя стваральнікі праекта. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0