Беларускі пісьменнік і навуковец Іван Саверчанка атрымаў прэмію «Зорка садружнасці», якая прадугледжвае салідную грашовую ўзнагароду — 2 мільёны расійскіх рублёў. Гэта каля $34 тысяч у эквіваленце. Грошы выплачваюцца з бюджэту Саюзнай дзяржавы, які напаўняюць Расія і Беларусь.

Некалі такую прэмію атрымлівалі Мікалай Чаргінец (прэтэндаваў і сёлета) і намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч. 

Іван Саверчанка — навуковец і літаратар у адной асобе, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай Акадэміі навук.

Як патлумачыў «Нашай Ніве» Саверчанка, «Зорку садружнасці» ён атрымаў за ўсю сваю трыццацігадовую дзейнасць. 

«Я зрабіў пераклады помнікаў старажытнага беларускага пісьменства на рускую мову — яны шырока выкарыстоўваюцца студэнтамі краін СНД. Таксама ёсць гістарычныя кнігі з нарысамі і эсэ. «Улада пячаткі», напрыклад, «Бляск Кароны». Гэта пра нашых знакамітых асобаў, пачынаючы ад Рагвалода, у тым ліку пра Міндоўга, Вітаўта, Сапегу», — сказаў лаўрэат.

Варта адзначыць, што Саверчанка ў 1990-я даследаваў жыццё выбітных дзеячаў айчыннай гіторыі — паплечніка Іасафата Кунцэвіча Язэпа Руцкага, адданага патрыёта ВКЛ Астафея Валовіча ды іншых.

Ці не былі абраныя ім асобы перашкодай для прызнання ў Расіі?

«Згаданых вамі асобаў мо і ў Беларусі хтосьці ўспрымае з негатывам. А інтэлектуальныя колы Расіі… яны ўспрымаюць абсалютна адэкватна, ведаюць гісторыю, цікавяцца. Так, у Расіі ёсць і людзі з імперскімі амбіцыямі, але ёсць і адукаваныя людзі. Прынамсі тыя, з якімі я кантактую, нармальна ставяцца да нашай культуры. Я некалі выдаваўся ў Маскве, і тамтэйшы дырэктар вельмі пляжыў рэдактараў, калі яны чапляліся да нейкіх маіх характарыстык таго ж Льва Сапегі ці Руцкага. Для яго было важна, каб мы маглі расказаць пра сваіх дзеячаў праўдзіва. Я за тое, каб запанавалі аб'ектыўныя погляды на нашую гісторыю і культуру. Даношу гэта ў асяродку навукоўцаў», — сказаў лаўрэат. 

Што будзе рабіць з грашыма, Саверчанка яшчэ не вырашыў. 

«Трэба найперш пакрыць тыя выдаткі і крэдыторскія запазычанасці, якія я маю. Такія творчыя рэчы патрабуюць вялікай ахвярнай працы, розных выдаткаў. Любая прэмія не пакрывае нават дзясятай долі тых выдаткаў, якія чалавек уносіць. Задавальненне ад таго, што заўважылі, — гэта так. Але ці кампенсуе яно? Гэта памылка так думаць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0