Вярхоўны суд Індыі пастанавіў скасаваць практыку так званага «імгненнага разводу» мусульман, бо тая супярэчыць канстытуцыі, піша ВВС.

Getty

Getty

Практыка, за адмену якой выступалі актывісты па абароне праў жанчын, названая супярэчлівай ісламу.

Індыя — адна з нямногіх краін свету, дзе мусульманін можа развесціся з жонкай на працягу некалькіх хвілін, прамовіўшы слова «талак» (развод на арабскай мове) тры разы. У многіх мусульманскіх краінах такая практыка забароненая.

Рашэнне суда было прынятае ў адказ на пазовы, якія аспрэчвалі гэты звычай. Пазовы былі пададзеныя пяццю жанчынамі-мусульманками, якія маюць досвед такога разводу, і прадстаўнікамі дзвюх праваабарончых груп.

«Жанчыны-мусульманкі ў Індыі пакутуюць на працягу апошніх 70 гадоў. Гэта гістарычны дзень для нас, але не заканчэнне нашай гісторыі. Не магу перадаць вам, як шмат індыйскіх жанчын падтрымлівала нас», — падзялілася з журналістамі адна з актывістак Закія Соман.

За апошнія гады ў Індыі было шмат выпадкаў трайнога талака, калі мужы абвяшчалі сваім жонкам аб разводзе тройчы. Пры гэтым неабавязкова гэта рабіць асабіста — дастаткова было толькі ліста, смс-паведамлення або тэлефанавання.

Нягледзячы на тое, што пра трайны талак няма згадак у Каране і суне прарока Мухамеда, гэтая практыка існуе даволі даўно.

Даследчыкі ісламу кажуць, што ў Каране ўтымліваецца дакладнае тлумачэнне працэдуры разводу — «О, Прарок! Калі вы даяце жонкам развод, то разводзьцеся на працягу ўстаноўленага тэрміну, вядзіце адлік гэтага тэрміну і бойцеся Алаха, вашага Госпада».

Паводле даных праваабаронцаў, у некаторых ісламскіх дзяржавах, напрыклад, у Пакістане і Бангладэш, забаранілі трайны талак, але ў Індыі гэтая практыка існуе на фоне адсутнасці ўніверсальнага заканадаўства аб сям'і і шлюбе, якое прымяняецца да кожнага грамадзяніна краіны.

У рашэнні суда практыка трайнога талака названая «супярэчнівай галоўным прынцыпам ісламу і артыкулу 14 канстытуцыі краіны, якая гарантуе раўнапраўе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0