Чацвёра затрыманых па падазрэнні ў датычнасці да тэрактаў у Каталоніі паўсталі ў аўторак перад судом у Мадрыдзе, паведамляе ВВС.
Мухамед Шамляль — адзін з чатырох падазраваных у датычнасці да тэрактаў. Фота ЕРА
Нацыянальная судовая калегія павінна вырашыць, якія менавіта абвінавачванні будуць выстаўленыя затрыманым.
Затрыманыя — Мухамед Шамляль, Дрыс Укабір, Мухамед Ааля і Сальх Карыб — былі дастаўленыя ў Мадрыд ноччу пры павышаных мерах бяспекі ў суправаджэнні супрацоўнікаў грамадзянскай гвардыі Іспаніі.
Паводле версіі каталонскай паліцыі, яны з'яўляліся членамі тэрарыстычнай ячэйкі, якая складаецца з 12-ці чалавек, восем з якіх былі забітыя пасля нападаў у Барселоне і Камбрыльсе.
Імаверны выканаўца тэракту ў Барселоне Юнэс Абуякуб быў застрэлены паліцыяй у панядзелак у горадзе Субіратс непадалёк ад каталонскай сталіцы.
Як мяркуецца, менавіта ён быў за рулём фургона, які ўрэзаўся ў натоўп турыстаў на пешаходным бульвары Рамбла ў мінулы чацвер.
У выніку самага крывавага за апошнія 13 гадоў тэракту ў Іспаніі 17 жніўня загінулі 15 чалавек, больш за 100 атрымалі раненні.
Адказнасць за напады ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
У ходзе пасяджэнняў у Мадрыдзе суддзя Фернанда Андру павінен зачытаць пункты абвінавачвання, уключаючы ўдзел у акце тэрарызму, забойстве і незаконным валоданні зброяй.
Калі падазраваныя пагодзяцца даваць паказанні, ім будуць задаваць пытанні ў судзе. Слуханне павінна завяршыцца рашэннем аб змяшчэнні падазраваных пад варту да заканчэння расследавання.