Завяршаюцца работы над стварэннем рэестра злачынцаў, якія ўчынілі злачынствы на сэксуальнай глебе ў Польшчы. Дадзены рэестр павінен дапамагчы абараніць дзяцей ад педафілаў. У цяперашні час збіраюцца даныя людзей, якіх уключаць у базу. Пра гэта піша Радыё Польшча са спасылкай на выданне Gazeta Polska Codziennie.

Пра стварэнне рэестра, які ўтрымлівае інфармацыю пра педафілаў, з фотаздымкамі, імёнамі і месцамі знаходжання, выданню паведамілі ў Міністэрстве юстыцыі.

Вясной мінулага года быў прыняты закон аб супрацьдзеянні злачыннасці на сэксуальнай глебе. Дэпутаты амаль аднагалосна прагаласавалі «за» гэты дакумент. «Гэта дазволіла стварыць рэестр злачынцаў, якія ўчынілі сэксуальныя злачынствы, гэта значыць людзей з адхіленнямі. Яго галоўная задача — засцерагчы дзяцей ад выраджэнцаў», — піша газета.

У гэты рэестр будуць трапляць тыя, хто быў асуджаны за сэксуальнае злачынства, і прысуд уступіў у сілу.

«Рэестр будзе складацца з двух частак. У адкрытай будзе знаходзіцца інфармацыя аб мясцовасці, у якой пражывае вычварэнец. Да другой часткі, з падрабязнымі данымі, доступ будзе абмежаваны. Яго атрымаюць толькі супрацоўнікі ведамстваў, якія адказваюць за бяспеку, а таксама чыноўнікі», — адзначае выданне.

Паводле даных газеты, рэестр плануюць запусціць 1 кастрычніка 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0