president.gov.by

president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка сумняваецца ў неабходнасці вяртання да пяцібальнай сістэмы адзнак. Пра гэта ён заявіў сёння, адказваючы на пытанні педагогаў падчас дыскусіі на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскай педагагічнай нарады, піша БелТА.

«Рашэнне трэба прымаць тады, калі яно наспела. Вось яно крычыць, кажучы словамі паэта. Вось праблема крычыць. Так, я чую ў сродках масавай інфармацыі, бачу, чытаю, адсочваю працэс. Але гэтае пытанне не мае крытычнай масы, яно не наспела для таго, каб тут прымаць нейкія рашэнні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што да сістэмы адзнак ставяцца па-рознаму: старэйшае пакаленне прызвычаілася да пяцібальнай, і цяпер яму прыходзіцца пераводзіць адзнакі на стары лад, а моладзь ужо даўно навучаецца па дзесяцібальнай, і для яе тут няма праблем.

«Бяру дзённік — 9 балаў, а пачынаю пераводзіць на пяцібальную сістэму: а, гэта 4 з плюсам. А назіраючы за дзіцем, я разумею, што ён ужо ў пяцібальную сістэму не пераводзіць. Настаўнікі таксама прывыклі. Але большасць бацькоў схільныя да пяцібальнай: было прасцей. Але справа ж не ў прастаце, а ў эфектыўнасці. Думаю, што гэта нязначна ўплывае на імкненне нашых дзяцей атрымліваць ацэнкі, — цытуе словы кіраўніка краіны kp.by.

Таксама Лукашэнка дадаў:

— У мяне перад вачыма свой прыклад. Я яму кажу: пачытай пра сістэмы, дыскусія ідзе, а ён мне: ты ўжо з дзевяці гадзін прымусіў усіх, табе яшчэ і пяцібальную сістэму …

«Таму з усіх пунктаў, з усіх каардынат, якія мне як прэзідэнту ўдаецца атрымаць, я раблю выснову, што нам спяшацца не трэба, трэба паглядзець, дзесьці гэтую сістэму страсянуць, калі мы бачым нейкія недахопы. Хоць я асабіста прыхільнік пяцібальнай сістэмы: прасцей, зручна, усё зразумела. Але ўсё-такі цяпер ужо, пасля гадоў дзеяння дзесяцібальнай сістэмы, я адчуваю, што яна прыжылася», — падсумаваў Лукашэнка.

***

Нагадаем, што пытанне вяртання да пяцібальнай сістэмы неаднаразова ўздымаў на мінулым тыдні віцэ-прэм'ер Васіль Жарко.

«Пры дзесяцібальнай сістэме няма нездавальняючых ацэнак. Але ж адзінка і двойка — гэта нездавальняюча», — сказаў Васіль Жарко ў інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір». Паводле яго слоў, бацькі вучняў наракаюць на тое, што ў школе ім кажуць пра тое, што ніводнае дзіця не можа вучыцца на 10 балаў, бо немагчыма ведаць усё і больш, чым настаўнік. Гэта няправільна, мяркуе віцэ-прэм'ер.

«У ранейшыя часы ўсё было дакладна: чатыры — гэта чатыры, пяць — гэта пяць. А цяпер усё расплывіста», — адзначыў у мінулую нядзелю віцэ-прэм'ер.

«Мы прапанавалі грамадскасці абмеркаваць пытанне аб вяртанні да пяцібальнай сістэмы. Многія гэтую прапанову падтрымліваюць, — дадаў Васіль Жарко. — Калі застанецца дзесяцібальная шкала, я не пярэчу. Але яна павінна быць аб'ектыўнай».

У сваю чаргу міністр адукацыі Ігар Карпенка выказаў меркаванне, што гэтае пытанне [пяцібальная ці дзесяцібальная сістэмы] не простае і адназначнае, таму патрабуе шырокага абмеркавання, у першую чаргу сярод педагогаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0