Перш, чым выплача дождж горкі лёд красавіцкай віны,
Будзе дзень, калі сонца лізне шкло чужых акуляраў,
І акно праліецца вадой са сваіх капіляраў,
І пацягнецца ў неба на шыбе слупок крывяны.
І ты будзеш сачыць, да акна прытуліўшыся лбом,
За птушыным палётам над безданню восеньскай багны.
Кожны рух іх павекаў — нібы закрыццё дыяфрагмы.
Нібы нехта бясконцы бясконца збірае свой фотаальбом,
Нібы нехта паверыў у доўгую памяць вады,
Астыванне ўсіх водаў сусвету у сонечнай ванне,
І палёў, і лясоў, шчасцяў, гораў — усяго астыванне,
Таму трэба ісці. Ад таго, для таго і тады —
Праз рыпучую хісткую гаць і праз верас руды,
Па пажоўклай траве, па пярэстай вільготнай мякіне.
Каб здагнаць гэтых птушак. Каб ён нас запомніў — такімі.
Бо калі не такімі, то сэнсу няма сапраўды.
Бо калі не такімі, то хай астываюць лясы.
Бо калі не такімі, то хай бы закончылась стужка.
Паглядзі ў вышыню, не міргай. Хутка выляціць птушка.
Усміхніся яму. І з вачэй прыбяры валасы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0