Сёньня стартаваў першы розыгрыш Кантынэнтальнай хакейнай лігі. Гэтае ўтварэньне ўзьнікла на абшарах былога Савецкага Саюзу і мае на мэце скласьці канкурэнцыю наймацнейшай у сьвеце Нацыянальнай хакейнай лізе.

Зразумела, што за такі кароткі тэрмін зрабіць гэта вельмі складана, але пэўныя зрухі ўжо ёсьць. Напрыклад, кантракт з омскім «Авангардам» падпісаў славуты чэх Ярамір Ягр.

Сярод 24 каманд, што возьмуць старт у КХЛ, толькі тры прадстаўляюць не Расею — менскае і рыскае «Дынама», а таксама казахстанскі «Барыс».

Праект удзелу беларускага клюбу ў КХЛ лабіраваў асабіста міністар унутраных справаў і старшыня фэдэрацыі хакею Ўладзімер Навумаў.

Не сакрэт, што свае сілы паспрабаваць у Кантынэнтальнай лізе хацела і менскае «Юнацтва», але разгляд заяўкі каманды пакінулі налета.

Што да «Дынама», то мэтазгоднасьць іхняга ўдзелу ў КХЛ тлумачылася карысьцю для зборнай, калі яе вядучыя гульцы будуць сабраныя пад крылом адной каманды. У нейкай ступені зрабіць гэта атрымалася, але значная частка лідэраў нашай зборнай атабарыліся ў іншых камандах КХЛ — Канстанцін Кальцоў («Салават Юлаеў»), Дзьмітры Мялешка і Аляксандар Бараўкоў (абодва — «Сібір»), Віктар Касьцючонак («Амур), Аляксей Калюжны (маскоўскае «Дынама»), Андрэй Мезін (магнітагорскі «Мэталюрг»), Аляксей Угараў і Алег Антоненка (абодва — МУС). Дакамплектавалі склад менчукі гульцамі з Расеі, ЗША і Канады, некаторыя зь іх мелі досьвед гульні ў НХЛ.

Найбольш жа сэнсацыйныя навіны зь лягеру менскага «Дынама» прыходзілі адносна трэнэрскай пазыцыі. Спачатку яе заняў амэрыканец Пол Гарднэр, але ў самы разгар падрыхтоўкі да сэзону ён быў зьняты з пасады. Паводле чутак ён пацярпеў за сваю любоў да алькагольных напояў.

Замест Гарднэра з‑за акіяну быў выкліканы Джым Х’юз, малады і малавядомы трэнэр. Гэта вызвала рэзкую крытыку ў хакейным асяродку. Большасьць спэцыялістаў згаджалася ў меркаваньні, што такіх настаўнікаў хапае і ўнутры Беларусі.

У выніку лёсаваньня мы патрапілі ў дывізіён імя Ўсевалада Баброва
разам зь леташнім чэмпіёнам Расеі уфімскім «Салаватам Юлаевым», падмаскоўным «Атлянтам», чарапавецкай «Северстальлю», новакузьнецкім «Мэталюргам», маскоўскім «Спартаком». З гэтымі камандамі беларусы сустрэнуцца па два разы дома і ў гасьцях, зь іншымі ўдзельнікамі КХЛ — адна гульня дома і ў гасьцях. У плэй‑оф каманды будуць змагацца за Кубак Юр’я Гагарына.
Менскае «Дынама» стартавала у розыгрышу КХЛ у Новакузьнецку, матчам зь мясцовым «Мэталюргам». Каманды толькі ў овэртайме вызначылі пераможцу — 5:4 (3:3, 1:0, 0:1, 1:0) на карысьць нашых землякоў. Самым выніковым у «Дынама» стаў Яраслаў Чупрыс, які закінуў шайбу і аддаў дзьве галявыя перадачы.

Гэты тыдзень «Дынама» працягне гастролі за Ўралам. Заплянаваная паўтарная гульня з «Мэталюргам», а таксама з камандамі «Сібір» ды «Амур».

Толькі 12 верасьня першы матч у Менску, з падмаскоўным «Атлянтам».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?