Падчас педагагічнай нарады ў кіраўніка краіны настаўніца беларускай мовы і літаратуры з гімназіі №1 горада Зэльва Наталля Гарчычка спыталася ў Аляксандра Лукашэнкі наконт дэструктыўнага ўплыву сацыяльных сетак і асобных суполак на вучняў. Яна лічыць, што дзеля змагання з дэструктывам у інтэрнэце можна прыцягваць нават праваахоўныя органы.

Фота з vk.com.

Фота з vk.com.

Мы пацікавіліся ў Наталлі Віктараўны, якія менавіта негатыўныя тэндэнцыі ў інтэрнэце яна бачыць на сённяшні дзень.

«У сацсетках існуе шмат дэструктыўных груп — суіцыдальных, звязаных з азартнымі гульнямі і іншых. Адсачыць, дзе дзеці ходзяць, па якіх суполках гуляюць, мы не можам, бо не існуе такога функцыяналу, такой платформы. Калі ён не падпісаны на групу, а проста праглядае, то я, як класны кіраўнік, не магу нічога зрабіць, у мяне няма такіх магчымасцяў. Я лічу, што падобныя групы павінны выкараняцца яшчэ на той стадыі, пакуль дзеці іх не знайшлі.

Дзеці добра знаёмыя з суіцыдальнымі групамі кшталту «Сіні кіт» ці «Бяжы ці памры». Каб чаго кепскага не выйшла, трэба загадзя закрываць усе іх. Дзеці могуць проста чытаць гэтыя суполкі, не абавязкова іх падтрымліваць, але нават чытанне будзе камусьці на карысць, а камусьці — не.

Таксама дзеці могуць быць падпісаныя на суполкі з нецэнзурнай лексікай, гумарам для дарослых. Хлопцы шукаюць суполкі, дзе можна паглядзець на дзяўчат.

Я штотыдзень праглядаю, на якія групы падпісаныя вучні з майго класа. Бачу, на якія фотаздымкі яны ставяць лайкі.

Калі нешта сумніўнае, то я абмяркоўваю гэта з вучнем: варта яму быць у групе, ці не варта. Я не кажу адкрыта, каб бралі ўсе і выкрэслівалі. Размаўляем, і яны згаджаюцца, што гэта можа іх характарызаваць не з лепшага боку. Але мы лічым, што біць трэба на апераджэнне, а не тады, калі яны ўжо ўлезлі ў нешта.

Тры гады таму, калі мы пачыналі інавацыйны праект, то дзеці ўсё казалі, што вы не маеце права лезці на нашы старонкі, гэта наша асабістая прастора. На што мы казалі, маўляў, вашы імёны можна забіць у пошукавік і яны лёгка знаходзяцца, так што гэта не асабістая прастора.

А цяпер для дзяцей нават зручна, што яны могуць хутка злавіць класнага кіраўніка ў сацыяльных сетках. Усе тэрміновыя пытанні вырашаюцца ў 2—3 хвіліны, бо я заўсёды на сувязі, інтэрнэт ёсць у тэлефоне, і дзеці заўсёды на сувязі. Гэта стала вельмі зручна для класа. А калі браць па выхаваўчай працы, то пад прыватнай гутаркай Укантакце можна вырашаць самыя розныя праблемы — паводзінаў, пропускаў.

У беларускім сегменце інтэрнэта павінна быць магчымасць блакіроўкі дэструктыўных сайтаў. У нас у праграмістах сядзяць вельмі таленавітыя людзі і яны павінны прыдумаць як гэта можна зрабіць. Мы, настаўнікі, адны з гэтым не справімся.

Прэзідэнт разумее гэтую праблему, бо ў яго самога дзіця падлетак. Ізаляваць дзяцей ад інтэрнэту мы не можам, таму застаецца вырашаць іншымі шляхамі. Калі такі шырокі рух ёсць у Расіі, то рана ці позна ён дойдзе і да нас.

Было бачна, што і прэзідэнт, і міністр дыхаюць адным паветрам з намі, адчуваюць школьныя праблемы. І многія іхнія прапановы вельмі слушныя.

Я не хачу вяртацца да той пары, калі былі мянушкі «двоечнікі». Было такое таўро, з якім раслі дзеці. Пры дзесяцібалцы няма «двоечнікаў». Тры — значыць, тры. Пяць — значыць, пяць. Усіх задавальняе іх узровень. І з пазіцыі выхавання я б пакінула «дзесяцібалку». Дзеці да яе таксама прывыклі. Які сэнс яе мяняць?

Настаўнікі пяройдуць хоць на стабалку, тут пытання няма. Галоўнае — даваць веды».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?