Мірка Іваніч выраўноўвае лік

Мірка Іваніч выраўноўвае лік

Вельмі цяжкі матч выдаўся ў беларускага чэмпіёна ва Украіне. Першая гульня тыдзень таму ў Барысаве скончылася нічыйным вынікам — 1:1. Такі лік задавольваў нашых супернікаў, яны маглі проста сушыць гульню. БАТЭ ж абавязкова трэба было забіваць.

Першы тайм прайшоў пад дыктоўку «Александрыі». Па ўдарах па варотах яны пераўзышлі наш клуб з лікам 7:3. Гол жа быў забіты толькі адзін. У дастаткова спрэчным моманце суддзя прызначыў пенальці за фол Станіслава Драгуна.

Грыцук з адзінаццаціметровай кропкі прабіў дакладна, хаця Дзяніс Шчарбіцкі і ўгадаў кірунак удара, але не змог дацягнуцца.

Па вялікім рахунку прапушчаны гол нічога не мяняў для БАТЭ, ім усё адно трэба было забіваць гол.

Відаць, вырашальным момантам у другім тайме сталася траўма цэнтральнага абаронцы «Александрыі» Віталя Панамара, якую ён атрымаў у сутыку з Станіславам Драгуном.

Цэнтр абароны ўкраінскай каманды пры гэтым агаліўся. І гэта дало магчымасць БАТЭ ствараць небяспечныя моманты.

Два галы БАТЭ забіў цягам пяці хвілін. Абодва разы адзначыўся наш сербскі паўабаронца Мірка Іваніч. Спачатку ён адрэагаваў на пас Неманьі Муланавіча і пракінуў мяч між ног украінскага брамніка. А пасля ўжо ўдарам галавой злавіў кіпера на супрацьходзе — 2:1.

«Александрыя» так і не змагла стварыць нічога вартага ля варотаў БАТЭ. Наш чэмпіён забяспечыў сабе еўракубкавую восень.

Лёсаванне групавога турніру Лігі Еўропы пройдзе ў пятніцу. 48 камандаў будуць разбітыя на 12 групаў. Першы тур — 14 верасня.

* * *

БАТЭ гуляў у групавым турніры Лігі Еўропы двойчы. У ‎2009-2010 гг., тады супернікамі беларускага клуба былі «Бенфіка», АЕК і «Эвертан», БАТЭ заняў 3-е месца і не змог прабіцца ў 1/16 фіналу.

У сезоне ‎2010-2011 гг. БАТЭ гуляў у адной групе з кіеўскім «Дынама», малдоўскім «Шэрыфам» і нідэрландскім АЗ, фінішаваў на 2-м месцы, а затым у 1/16 фіналу саступіў ПСЖ, прычым ні разу не прайграўшы (2:2, 0:0).

У групавым турніры Лігі чэмпіёнаў БАТЭ гуляў пяць разоў за 10 год, першы раз у сезоне 2008/2009, а ў мінулым годзе не здолеў прабіцца ні ў групавы турнір ЛЧ, ні ў ЛЕ, як і ў сезоне 2013-2014

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?