Цытуе словы першага амбасадара ЗША ў Беларусі, цяперашняга выканаўчага дырэктара Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў пры ўнівэрсытэце South Western у Канзасе Дэвіда Суорца радыёстанцыя Voice of America.

Паводле Дэвіда Суорца менавіта «ад рашэньня гэтай дылемы і залежыць будучыня Беларусі».

Колішні амбасадар ЗША, які днямі ўзяў удзел у працы зьезда беларусаў Паўночнай Амэрыкі ў Кліўлэндзе, закрануў праблему беларускага выбару ў сувязі з падзеямі ў Грузіі. Адказваючы на пытаньне, як гэтыя падзеі могуць паўплываць на Беларусь, дыплямат Дэвід Суорц адзначыў:

«Відавочна, што Расея мае намер аднавіць сваю гегемонію калі не над усёй, то прынамсі над значнай часткай тэрыторыі былой савецкай імпэрыі. У выпадку з Беларусьсю размова, аднак, ідзе не пра спрэчныя тэрыторыі, як у выпадку з Грузіяй, але праблемы існуюць ня менш сур’ёзныя. У беларускім выпадку выбар, насамрэч залежыць ад прэзыдэнта Лукашэнкі. На сёньня ён у той ці іншай ступені выконвае волю Расеі, а таму ў пэўным сэнсе Беларусь ужо знаходзіцца пад уплывам Расеі. Калі ж, зь іншага боку, Лукашэнка паспрабуе пачаць набліжэньне з Захадам, адпаведнае яго інтарэсам, ён можа сутыкнуцца з пагрозай з боку Расеі, падобнай той, зь якой сёньня мае справу Грузія. Таму беларускія ўлады цяпер стаяць перад дылемай, ад якой залежыць будучыня краіны. Расея ў выніку шэрагу розных прычынаў — палітычных, ваенных, эканамічных, тых, якія зьвязаныя з транзытам энэргарэсурсаў — хоча і надалей кантраляваць Беларусь, а таму падзеі ў Грузіі ствараюць небясьпечны прэцэдэнт, у тым ліку, і для Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?