На рэсурсе «Зручны горад» працягваецца збор подпісаў пад петыцыяй, што заклікае адкрыць архівы, забараніць прапаганду сталінізму, назваць імёны ахвяраў і месцы масавых расстрэлаў.

Ініцыятары петыцыі — аргкамітэт форума «Бальшавіцкі тэрор. Права на ўстанаўленне ісціны».

На гэты момант пад ёй падпісаліся больш за 500 чалавек. Гэта афіцыйны калектыўны зварот, ён будзе накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя структуры.

* * *

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі розных партый, грамадзянскіх ініцыятываў, кампаній і арганізацый, да 100-годдзя бальшавіцкага перавароту, што паклаў пачатак узрушэнняў, якія ўнеслі мільёны жыццяў, а таксама да 80-годдзя пачатку ў СССР Вялікага тэрору, разумеючы, што права грамадзян на ўстанаўленне ісціны, а таксама ўстанаўленне імёнаў і шанаванне памяці ўсіх нявінна пацярпелых ад рэпрэсій немагчымыя без свабоднага доступу да архіваў, патрабуем:

1. Зняць грыфы сакрэтнасці з усіх змешчаных на захоўванне ў Беларусі дакументаў за 1917-1953 гады.

2. Перадаць з ведамасных у адкрытыя дзяржаўныя архівы ўсе архіўна-следчыя справы на рэпрэсаваных у 1920-1970-я гады. Забяспечыць свабодны доступ да ўсіх дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні больш за 75 гадоў, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам не могуць падпадаць пад абмежаванне як таямніца асабістага жыцця.

3. Забяспечыць свабодны доступ (у тым ліку і праз інтэрнэт) да базы дадзеных «Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі», якая знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, бо наяўная ў ёй інфармацыя не падпадае ні пад якія законныя абмежаванні.

4. Устанавiць і назваць усе існуючыя ў Беларусі месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр рэпрэсій.

5. Пазначыць гэтыя месцы, усталяваць вакол іх адпаведныя ахоўныя зоны, назваць імёны пахаваных там ахвяраў палітычных рэпрэсій і прыняць усе меры па ўвекавечанні іх памяці.

6. Правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю сотняў тысяч грамадзян: раскулачаных, ваеннапалонных, замежных грамадзян і г.д. Пры адсутнасці інфармацыі пра месцы адбыцця пакарання, а таксама высланых у адміністрацыйным парадку ў розныя рэгіёны СССР, звярнуцца на дзяржаўным узроўні да кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Казахстана з просьбай, каб кампетэнтнымі органамі быў праведзены пошук і складзеныя пайменныя спісы ўсіх рэпрэсаваных грамадзян БССР. Пры адсутнасці ў Беларусі звестак пра месцы расстрэлаў і пахаванняў, уключаючы Курапаты, на дзяржаўным узроўні звярнуцца да кіраўніцтва РФ, каб адпаведны пошук быў праведзены ў архівах ФСБ і МУС РФ.

7. Прызнаць адмаўленне сталінскіх рэпрэсій, іх апраўданне і прапаганду сталінізму, у залежнасці ад цяжару, адмiнiстрацыйным цi крымінальным злачынствам, для чаго ўнесці адпаведныя змены ў адпаведныя Кодэксы.

22.08.2017

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0