У апошнім артыкуле на падставе нямецкіх архіўных дакумэнтаў Юры Грыбоўскі — ён цяпер у Варшаўскім унівэрсытэце — паказвае, што г.зв. Наваградзкі конны швадрон Рагулі ня быў незалежным, ня меў функцый самааховы, а зьяўляўся звычайным 68‑м палявым батальёнам СС, фармаваньне якога пачалося толькі ў лютым 1944 г.
Сапраўды, у нямецкіх дакумэнтах ён часам фігуруе як паліцэйскі батальён Рагулі, што па першым часе складаўся з рэкрутаў настаўніцкай сэмінарыі — гэта і паспрыяла ўсталяваньню на эміграцыі, а потым і беларускай гістарыяграфіі ўдалага міфу пра яго незалежнасьць ад немцаў.
Увагі ў нумары заслугоўваюць таксама рэцэнзія Станіслава Рудовіча на перавыданьне кнігі Юр’я Туронка «Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі». Аўтар рэцэнзіі, дасьледчык беларускага грамадкага жыцьця пачатку ХХ ст. сьцьвярджае, што Іваноўскі не цягне на постаць №1 у беларускім руху першай паловы ХХ ст.
Зьмешчана таксама рэцэнзія Натальлі Гардзіенкі «Плагіят і прафанацыя гісторыі беларускай эміграцыі» на падручнік, падрыхтаваны на факультэце міжнародных адносін БДУ.
Беларускі гістарычны агляд. том 14. Сшытак 1‑2 (26‑27). Снежань 2007.
Шукайце ў незалежных распаўсюднікаў ды Акадэмкнізе.