22‑24 жніўня недзе пад Баранавічамі зьбіраліся на зьезд «Касмапошук» беларускія пасьлядоўнікі агентаў Скалі і Малдэра.
Сустрэчу аднадумцаў уфолягі прызначылі на Баранавіччыне нездарама: менавіта адтуль прыйшла вестка пра актыўнасьць НЛА, паведамляе ufo-com.net. Каб даглядзецца да праўды, энтузіясты ўсю ноч назіралі за баранавіцкім небам, а ўдзень хадзілі апытвалі мясцовых насельнікаў. Тубыльцы апытвацца не даваліся, адно цьвердзілі: « нічога ня ведаю, нічога не скажу». Гэта толькі ўзмацніла падазрэньні дасьледнікаў.
Хоць адмысловыя прыстасоўкі нічога, апроч вільготнасьці, не зафіксавалі, а прышэльцы так і не аб’явілася, уфолягі папоўнілі сакрэтныя матэрыялы зьвесткамі пра «блуднае месца» ў тутэйшых гушчарах і прывід гаспадыні панскай сядзібы.
З часоў шляхціца Завальні фантастычнае на Беларусі не зьвялося.