Пішацца аднолькава — Бог. А чытаецца, успрымаецца і асацыюецца па‑рознаму: па‑беларуску — Бох, па‑расейску — Бок.

Зьнешняя блізкасьць моваў — падманлівая, падступная. Здаецца, словы тыя самыя, але звычайны расеец не разумее нашай мовы. «О чем они говорят? Говорите по‑русски!» У інтэрнацыянальных кампаніях мяне заўсёды зьдзіўляла, што менавіта масквічы не ўспрымаюць сэнсу простых беларускіх словаў. У адрозьненьне ад літоўцаў ці нават грузін, яны не прывыклі «напружвацца», настройвацца на музыку іншага. Свая заглушае для іх усё.

Гэта комплекс «вялікай краіны», чыя веліч трымаецца на нікчэмнасьці мас, «простага чалавека». Вялікая краіна, вялікі язык («ізык», дарэчы, — для дыктараў БТ). Згадваецца гісторыя пра жанчыну, якая ў барселонскім аўтобусе крычала: «Водитель, остановите!» і пасьля: «Да что он, в самом деле, русского языка не понимает, что ли?»

Сапраўды, ну што ты, як нярускі?.. Сяброўка часта ўспамінае, як на вакзале ў Маладэчне сустрэла сваіх былых вясковых аднакласьніц. Тыя, пачуўшы беларускую мову, раптам упёрліся: «Таня, ну разгаварывай как мы» (асаблівасьці вымаўленьня перададзены).

Ня ведаю, як каму, а мне нязручна чытаць нашы білінгвістычныя газэты, у якіх тэксты па‑руску перамяжаюцца з тэкстамі па‑беларуску. Я ня ведаю, як іх кваліфікаваць. Як ілюстрацыю да мёртвых параграфаў Канстытуцыі пра дзьве дзяржаўныя мовы? Як нешта пераходнае — да чаго? Калі мова — гэта мысьленьне, дык Бог у такіх выданьнях колецца на два: Бох і Бок, а расколатае мысьленьне мае акрэсьлены дыягназ — шызафрэнія. Сто гадоў я думаю над гэтым пытаньнем дзьвюхмоўнасьці пад адной шапкай і не знаходжу адказу.

З рускамоўнымі газэтамі ў Беларусі ўсё ясна. Гэта посткаланіяльны сіндром з усімі наступствамі — перадусім з посткаланіяльным мысьленьнем. Нядаўна ў адной такой галоўнай газэце краіны сустрэў загаловак — быццам зусім тэхнічны: «Фоторепортаж со встречи Медведева и Лукашенко». Але газэтчыкі ведаюць, што калі чужога прэзідэнта называюць перад сваім — гэта зусім ня дробязь. Тым больш, у выданьні «другога» прэзідэнта. Падобная субардынацыя была ў часы саўка, калі Машэраў у беларускіх выданьнях ну ніяк ня мог згадвацца паперадзе Брэжнева. Інакш рэдактар на раз‑два вылятаў са свайго крэсла. Вось і думай, што гэта цяпер — памылка непрафесіянала ці паслуга нейкім крамлёўскім таварышам ці, можа быць, вецер перамен? Wind of Change, панімаеш, толькі цяпер у адваротным кірунку.

Ня ведаю, хто першы выказаў думку пра тое, што ў Беларусі ўсе размаўляюць па‑расейску, але ведаю, што рэальнасьць — адрозная. Як Бох і Бок. Беларускі народ у сваім маўленьні‑мысьленьні далёкі ад мовы Пушкіна, колькі б ні стараўся «зьядаць» галосныя і зьмякчаць дзе трэба й ня трэба свае «ч» і «р»: ріба, ріба, ріба… Трасянка — вось што атрымліваецца ў беларуса, які «размаўляе па‑расейску», беручы адно форму, але не працуючы над пераменаю мысьленьня, над стратаю сутнасьці, над продажам душы. Тым часам газэты, якія выходзяць па‑расейску, проста вымушаныя пісаць граматна — моваю Пушкіна. Зьнешне нічога страшнага не адбываецца, але што там робіцца ў сутнасьці, якія абсурды кучаравяцца, якія непаразуменьні й прорвы разьвярзаюцца ў падсьвядомасьці — гэтага ня бачыць ніхто. Як і ня ведае ніхто, куды гэта ўсё ўрэшце прывядзе. Адно ясна, што гарманізацыяй тое, што адбываецца, не назавеш.

Асобнае прывітаньне змагарам за беларускую мову. У інтэрнэце і ў апазіцыі іх так шмат, што, здаецца, беларусізацыя зьнізу павінна ісьці шырокім фронтам, а падахвочаныя змагарамі бацькі будуць масава падаваць заявы з патрабаваньнем беларускамоўнае адукацыі для сваіх дзяцей. Хоць бы так, як гэта рабілася па ўсёй Беларусі напрыканцы 1980‑х. Але нічога падобнага. У Гродне няма ніводнага беларускага класа, у Магілёве сёлета не пададзена ніводнай заявы на беларускамоўнае навучаньне…

Чаму? Можа таму, што грантаў на арганізацыю беларускіх класаў з заходніх таварышаў ня выб’еш? Прасьцей атрымаць на налепкі. Кшталту такой: «Территория, свободная от лукашизма». Думаў я думаў над сэнсам гэтага «шадэўра» ды так нічога й не зразумеў. Калі ад лукашызму свабодная, дык якім іншым —ізмам занятая?

Наш посткаланіяльны сіндром і зьвязаныя з ім «дэфекты» дэмакратыі маюць крыніцу ў колішняй метраполіі, дзе, як мы бачым, закручваюцца сёння новыя імперскія тарнада, гатовыя зьліцца ў чарговую «Катрыну» (гэтым разам для нас — Катрына‑2). Пакуль адныя змагары разважаюць, што найперш — дэмакратыя ці мова, другія ўжо зразумелі, што ў нашай спецыфічнай сітуацыі наша мова — і ёсьць наша дэмакратыя (калі не ўпадаць у абстрактнае тэарэтызаваньне), нашы правы і свабода.

І таму так мне не па сабе стала ад той налепкі, і захацелася з усіх сіл уцякаць ад той «территории». Бо так патыхнула ад яе ці то ГУЛАГАМ ці то Гудэрмесам, а разам — якімсь сатанізмам. І пагнаў я адтуль, ад таго «ацкого сотоны» куды вочы глядзелі. А ўсё, што прэч ад яго, як вядома, — да Бога. І не да таго, які Бок. Шчыра кажучы, я й ня думаў у той момант — да якога. Але ногі самі вынесьлі да таго, які свой, які Бог, які Бох.

Сяргей Дубавец, naviny.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0