У вёсцы Вароны сёньня адбываецца пахаваньне – людзі разьвітваюцца з адным са старэйшых апазыцыянэраў Віцебшчыны Ўладзімерам Плешчанкам. Да ліку старэйшых апазыцыянэраў спадара Плешчанку ў Віцебску адносілі не з прычыны сталага ўзросту – раптоўная сьмерць спасьцігла яго ўсяго толькі на 58-м годзе жыцьця.

Цягам апошніх 16-ці год ён дэманстраваў усім гараджанам свае бескампрамісныя погляды, рэгулярны выходзячы пад бел-чырвона-белым сьцягам да так званага «Сіняга дому» ў Віцебску, удзельнічаў у шматлікіх акцыях пратэсту.

Побач зь ім амаль заўсёды бываў і Барыс Хамайда, які цяпер згадвае пра свайго сябра і паплечніка:

(Хамайда: ) "Я магу сказаць слухачам «Свабоды», што Плешчанка жыў дзеля Беларусі. Усё паклаў, і сваё здароўе, і жыцьцё – апошнія 16 год дык дакладна. Столькі было ўціску на яго: і штрафы, і суды, і пакараньні, і турэмныя камэры. І вось сэрца ня вытрымала. Першы інфаркт у яго быў у 1992-м годзе, а другі – у 1994-м, калі мы шмат працавалі, калі агітавалі за Зянона Пазьняка. Урэшце сэрца ня вытрымала!"

На пахаваньне старшыні Віцебскай абласной рады Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Плешчанкі цяпер зьбіраюцца дзесяткі людзей з усяе Беларусі – ад партыйнага кіраўніцтва КХП БНФ зь Менску да аднадумцаў з Воршы, Полацку, Сянна. Вянкі ды кветкі да труны змагара прынесьлі мясцовыя прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных палітычных партыяў.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0