У Цярнопальскай вобласці Украіны ў пячоры Аптымістычная спелеолагі адкрылі вялікае падземнае возера, якое прэтэндуе на званне найбуйнейшага падземнага возера Украіны, паведамляе Укрінфарм. 

Глыбіня возера Мікрон дасягае 5-6 м, плошча паверхні — каля 500 кв. м. Крышталёва чыстая вада мае тэмпературу 7 градусаў.

Як піша TeNews, унікальная пячора Аптымістычная нядаўна адсвяткавала 50-годдзе з дня адкрыцця. Штогод спецыялісты падчас спелеаэкспедыцый знаходзілі тут новыя хады, таму сёння пячора лічыцца самай доўгай у Еўропе. Сярод гіпсавых пячор Аптымістычная — самая доўгая на планеце. Разгалінаванні хадоў у ёй дасягаюць 260 км.

У свой юбілейны год пячора, якая раней лічылася амаль зусім бязводнай, падарыла сваім даследчыкам шмат падземных азёр: Мара, Часціца Бога, Пяціканцовае, Пермскае, Фрыке, Містык, Кішэнька і Мікрон.

Адкрыў возера Мікрон спелеолаг Ігар Трацюк у красавіку. Па словах даследчыка, да возера трэба ісці на каленях на працягу дзвюх гадзін. Сёння пячорнае возера даследуюць людзі вельмі рэдкай спецыяльнасці — спелеадайверы. З хадавікамі, у гідракасцюмах і з кіслароднымі балонамі яны спрабуюць прайсці возера пад вадой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0