Расейскія археолягі цьвердзяць, што знайшлі сталіцу Хазарскага каганату. Да гэткай сэнсацыйнай высновы яны прыйшлі пасьля таго, як падчас раскопак гарадзішча ля сяла Самазьдзелка Камызяцкага раёну Астраханскай вобласьці пад невялічкім гарадком залатаардынскага часу натрапілі на буйнейшае й ранейшае па часе паселішча.

Самым моцным аргумэнтам археолягаў Самазьдзельскай экспэдыцыі сталі рэшткі крэпасьці, збудаванай з цэглы, што, паводле слоў загадчыка навукова-архітэктурнай лябараторыі Астраханскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Дзьмітрыя Васільева, было царскім прывілеем.

Радыевугляродны аналіз вызначыў, што знаходкі належаць VІІІ і ІХ стагодзьдзям — часам росквіту каганату. Нарэшце, знойдзены сьляды пажару, які археолягі зьвязваюць з паходам кіеўскай дружыны князя Сьвятаслава ў другой палове 960‑х гадоў.

Зрэшты, «даказаць на сто адсоткаў, што знойдзены горад — менавіта Ітыль, немагчыма будзе ніколі… бо мы ж ня зможам знайсьці шыльдачку з надпісам «Горад Ітыль», — кажа Дзьмітрый Васільеў.

Дагэтуль лічылася, што сталіца Хазарскага каганату назаўжды зьнікла пад хвалямі Касьпійскага мора.

Хоць пра гісторыю хазарскай дзяржавы вядома нямала, дагэтуль няма адзінае думкі пра межы каганату. Размытыя ня толькі геаграфічныя, але й археалягічныя межы: уласна хазарскіх знаходак вобмаль. Да ўсяго, у каганаце жылі як аселыя, так і качавыя народы, і ў раскапаных паселішчах зьмяшаныя прадметы гэтых нападобных адна да адной культур.

Гісторыяй хазарскай дзяржавы археолягі цікавіліся здаўна. У першай палове мінулага стагодзьдзя вялося вывучэньне гарадзішчаў, як мяркуецца, буйных хазарскіх гарадоў Сэмэндэру, Саркелу й Бэленджэру. Прычым, першыя два сёньня затоплены штучнымі вадасховішчамі. Саркел, зь якім асацыявалі Цымлянскае гарадзішча, цяпер ляжыць пад вадой у Цымлянскім вадасховішчы. Бэленджэр, які, магчыма, знаходзіўся на Верхнечыруртаўскім гарадзішчы, затопленым падчас будаўніцтва Сулацкай ГЭС.


Меркаванае знаходжаньне буйных хазарскіх гарадоў

Хазары — напаўкачавы туркамоўны народ, які зьявіўся ў Паўднёва-Ўсходняй Эўропе ў ІV стагодзьдзі й праіснаваў да ХІ ст. У ІХ радзімічы, празь землі якіх праходзіў гандлёвы шлях з касьпійскага рэгіёну ў Эўропу, былі ў залежнасьці ад хазараў і плацілі ім даніну. Хазарскі каганат быў першай дзяржаўнай фармацыяй на ўсходзе Эўропы. Ад ІХ стагодзьдзя ў ім была дзяржаўнай юдэйская рэлігія.

Паводле Лента.Ру

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?