Аляксандру Лукашэнку ў 2010 годзе перадалі дакументы WikiLeaks, з-за чаго пацярпелі дзеячы беларускай апазіцыі. Пра гэта піша амерыканскае выданне The New Yorker.

Гаворка ідзе пра «сумнеўныя сувязі» галоўнага рэдактара WikiLeaks Джуліяна Асанджа. У 2010 годзе да яго прыязджаў Ізраэль Шамір, «скандальны расіянін з экстрэмісцкімі поглядамі», якога падазравалі ў сувязях з расійскай разведкай. І Асандж падзяліўся з ім дакументамі. Гэта былі «больш за 90 тысяч неадрэдагаваных дыпламатычных тэлеграм ЗША, якія датычаць Расіі, былых краін Савецкага Саюза і Ізраіля». Частку дакументаў Шамір перадаў у Мінск і яны трапілі Аляксандру Лукашэнку. Выданне адзначае, што з-за гэтага ў далейшым з’явіліся падставы для арыштаў апазіцыянераў. Сам Ізраэль Шамір перадачу дакументаў Лукашэнку абвяргае. Вядома, што ён перадаваў згаданыя паперы ў СМІ.

The New Yorker цытуе словы неназванага беларускага актывіста, якія той сказаў у каментары сайту Tablet: «Я сапраўды ненавіджу WikiLeaks. Як яны могуць гэта рабіць? КДБ гаворыць людзям: «Ваша імя ў амерыканскіх тэлеграмах, вы — здраднік, амерыканскі агент, і да вас будуць адносіцца як да ворага».

На супрацоўнікаў WikiLeaks пачалі «у паніцы» выходзіць беларускія апазіцыянеры, якія цікавіліся ўцечкай інфармацыі. Тыя былі ўстрывожаныя сітуацыяй і нават хацелі правесці расследаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?