Кандыдат у дэпутаты, сябар партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле‑ і радыёвыступу, бо ня лічыць гэты агітацыйны сродак эфэктыўным.

На думку спадара Берніковіча, мала хто з выбарцаў ягонай Глыбоцкай выбарчай акругі № 22 глядзіць тэлеканал «Лад», і малаверагодна, каб хто‑небудзь зь мясцовых жыхароў адмыслова вырашыў паглядзець выступы кандыдатаў у дэпутаты. Тое самае, паводле апазыцыянэра, тычыцца і выступу на радыё: ён трансьлюецца ў вечаровы час, калі людзі, прыйшоўшы з працы, звычайна робяць нешта ў гародзе.

Значна больш эфэктыўным сродкам агітацыі Яраслаў Берніковіч лічыць непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Да гэтае высновы яго падштурхнулі і меркаваньні землякоў: аказваецца, яны ніколі не сустракаліся са старшынём аблвыканкаму Уладзімерам Андрэйчанкам, які таксама балятуецца ў гэтай акрузе, і нават блізка не ўяўляюць, як ён выглядае.

Паводле апазыцыйнага кандыдата, гэта проста недарэчна, калі людзям прапануюць кандыдатуру амаль невядомага ў рэгіёне чалавека. Хаця, здавалася б, папулярнасьці старшыню аблвыканкаму мусілі дадаць тыя ж публікацыі ў дзяржаўных газэтах, якія распачалі «піяр» праўладнага кандыдата яшчэ задоўга да пачатку агітацыйнай кампаніі.

Узважыўшы ўсе гэтыя акалічнасьці, Яраслаў Берніковіч вырашыў ахвяраваць свой эфірны час галоўнаму канкурэнту, пра што й паведаміў:

«Падчас збору подпісаў людзі пыталіся, дзе можна было б убачыць Андрэйчанку. А то ведаць ведаюць, што ёсьць такі, а ніколі ня бачылі, хаця той ужо шмат год працуе старшынём аблвыканкаму.

Публікацыі ў «Віцебскім рабочым», «Народным слове» і «Весьніку Глыбоччыны» не дадалі яму пазнавальнасьці. Таму я вырашыў прэзэнтаваць свой эфірны час спадару губэрнатару. За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыду 20—30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі — гэта значна лепш за любы радыё‑ і тэлеэфір».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?