У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 31 жніўня пачаўся разгляд справы Паўла Труханава — мінчука, які агаліўся на рэпетыцыі парада 3 ліпеня і пасля ўдарыў міліцыянта.

33-гадовы Труханаў зняў штаны перад калонай бранятэхнікі падчас рэпетыцыі парада ў канцыі чэрвеня. Пасля мужчына апрануўся, ударыў міліцыянта, які падыйшоў да яго, і збег.

Следчыя паведамілі, што мужчына быў п’яны. Яго затрымалі і змясцілі пад варту. Цяпер абвінавачваюць па двух артыкулах: хуліганства і гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі. Максімальнае пакаранне па апошнім артыкуле — 6 гадоў пазбаўлення волі.

Падтрымаць Паўла ў суд прыйшлі выключна жанчыны: маці, жонка з дзіцём узростам паўтара года і сястра. Сам Труханаў сядзеў у клетцы, апусціўшы твар.

Да затрымання Павел нідзе не працаваў. Жонка з маці расказваць пра яго не сталі, спаслаўшыся на цяжкі стан — яны і сапраўды ледзь стрымлівалі слёзы.

Адзінае, што распавялі жанчыны, — Павел адмовіўся ад адваката. Чаму так адбылося, яны не ведаюць.

Незразумелая сітуацыя з пацярпелымі: іх у справе цэлы спіс, пяць чалавек.

Але адна з іх, Галіна Платонава, кажа, што рыхтавалася быць сведкай. А стала пацярпелай нечакана для сябе самой.

«Мой муж, на сваю галаву, дапамог затрымаць Труханава. Мы заўсёды ходзім з мужам глядзець парад. І вось, калі была гэта гісторыя, мужчына ўдарыў міліцыянта, пабег. Міліцыянт затрымаўся, а мой муж з мінаком затрымалі Труханава, — распавяла «Нашай Ніве» Галіна. — А пасля прыйшла смс, што трэба прыйсці ў суд — і я раптам даведалася, што я пацярпелая. Думала, што буду сведкай, чаму я пацярпелая — не ведаю. Сітуацыя непрыгожая, канечне, непрыемна было глядзець на п’янага мужчыну без штаноў, там і дзеці былі… Але заявы я не пісала».

Ганна Платонава, пацярпелая

Ганна Платонава, пацярпелая

Дарэчы, з пацярпелых прыйшла толькі яна. Не прыйшоў нават міліцыянт, якога ўдарыў Труханаў.

Сведкі таксама не прыйшлі.

Перад пачаткам пасяджэння абаронцу Труханаву ўсё ж знайшлі — проста выклікалі бясплатнага адваката Дзмітрыя Лазева, які дзяжурыў у судзе.

Далей — стандартнае пасяджэнне. Пракурор зачытаў абвінавачванне («абвінавачаны парушаў парадак, ударыў міліцыянта…»).

Труханаў віну прызнаў цалкам.

Ён распавёў, што ў той дзень быў з жонкай і дзіцём на дні нараджэння знаёмай. Там і выпіў гарэлкі: «больш за 10 чарак дакладна». Як сыходзілі, ён амаль не памятае.

«Але п’ю рэдка, як звычайныя людзі. Па святах», — сказаў Труханаў.

Дадому паехалі на таксі, але не даехалі: вуліцы былі перакрытыя, бо ехала бранятэхніка.

Што было далей, Труханаў не памятае. Кажа, далей ішоў сам, бо, здаецца, пасварыўся з жонкай. Як здымаў штаны, біў міліцыянта, не памятае таксама, як не памятае, і навошта ён гэта рабіў:

«Памятаю, як выходзіў на дарогу. І як ляжаў пасля ў кайданках. І ўсё».

Пры гэтым, «не пацярпелая пацярпелая» Платонава нічога не сказала суддзі. Пытанняў, як і чаму яе запісалі ў пацярпелыя, жанчына не задавала — старанна дала паказанні, распавяла пра непрыстойныя паводзіны Труханава і пайшла сабе. А што, сказалі пацярпелая — значыць, пацярпелая, можа, так і трэба.

Пазней, праўда, з’явіўся яшчэ адзін пацярпелы — той самы міліцыянт, якога ўдарыў Труханаў. Ён спазніўся на працэс амаль на гадзіну.

Міліцыянт сказаў, што удар па твары быў не надта моцным, балюча яму не было. Ён успрыняў паводзіны Труханава не столькі як гвалт, колькі як здзек. Кажа, што пагрозы не адчуваў. Але ж паводзіны абвінавачанага ахарактарызаваў як злачынства.

«Як пакараць абвінавачанага?» — спытаў у міліцыянта адвакат.

«Як суд вырашыць, так і будзе», — адказаў той.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?