Аляксандр Лукашэнка пратэсціраваў апошнюю мадэль электрамабіля «Тэсла» і даручыў айчынным распрацоўшчыкам імкнуцца да гэтага ўзроўню.

Развіццю беларускага аўтамабілебудавання была прысвечаная сённяшняя нарада ў кіраўніка дзяржавы, на якой прысутнічалі памочнік прэзідэнта Аляксандр Косінец, міністр прамысловасці Віталь Воўк, старшыня Прэзідыума Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў, а таксама непасрэдныя распрацоўшчыкі айчынных электракараў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўвесь свет сёння развівае кірунак электрамабіляў, у тым ліку Вялікабрытанія, Германія і ЗША.

«Свет развіваецца ў гэтым кірунку. Амерыканцы стварылі супераўтамабіль. Малайцы! «Тэсла» стварыла выдатны аўтамабіль», — заўважыў ён.

Электрамабіль «Тэсла» яму далі для тэсціравання, і кіраўнік дзяржавы вельмі высока ацаніў яго тэхнічныя характарыстыкі і дынаміку.

«Хуткасць набірае, што ўсе нашы нямецкія тэсціраваныя аўтамабілі на рухавіках унутранага згарання засталіся імгненна ззаду і дагнаць не змаглі. Стартуе ён, як касмічны карабель, і яшчэ больш магутны. За дзве з паловай секунды — 100 км. Але мяне цікавіла, як ён трымае дарогу, — ідэальна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка краіны, дадзены аўтамабіль айчынным распрацоўшчыкам можна выкарыстоўваць у якасці ўзору, да якога неабходна імкнуцца. Ён таксама адзначыў, што падрабязна азнаёміўся і з нядаўна створаным беларускім электракарам на базе Geely.

«Я з ім уважліва азнаёміўся, паглядзеў усе вашыя дэталі. Не ведаю, наколькі высокі ўзровень рухавіка, які вы стварылі, хадавая частка і гэтак далей, але выглядае вонкава прыстойна», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён падкрэсліў, што да ўзроўню Tesla яшчэ, вядома, далёка і неабходна далейшая тэхнічная праца ў гэтым кірунку.

«Але вашы абяцанні мяне натхняюць і, з другога боку, насцярожваюць. Калі мы можам стварыць і батарэю — назапашвальнік электраэнергіі — найлепшую ў свеце, чаму мы не ствараем? Што для гэтага трэба? Людзі, грошы, кампетэнцыі? Неадкладна трэба гэта рэалізоўваць», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама даў некаторыя практычныя рэкамендацыі, зыходзячы з знаёмства з электрамабілем «Тэсла».

«Батарэя — адзін з асноўных элементаў. Не трэба яе ўпіхваць у багажнік. Як вы ўбачылі, яе паклалі на дно ў Tesla, і яна, як я зразумеў, нават ўтрымлівае на высокай хуткасці аўтамабіль, балансуе рух. Таму і нам гэтым шляхам трэба пайсці, — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы. — Галоўнае — стварыць добры рухавік. Аснова ў вас ёсць. Таму мэта сённяшняй гутаркі — я вам паказаў аўтамабіль. Вывучыце, паглядзіце. Гэта лепшае, што ёсць».

«Гэта будучыня, мы не можам адстаць. Мы не можам пры нашых кампетэнцыях, пры такой навуцы плесціся ў хвасце, - падкрэсліў беларускі лідар. — Ніхто паслязаўтра, у бліжэйшай будучыні не будзе купляць масава так, як гэта было раней, аўтамабілі з рухавіком унутранага згарання. Параўнайце гэты аўтамабіль з тым, які мы стварылі, і імкнецеся да гэтага».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым цікавіцца навінкамі сусветнага аўтапрама, у тым ліку ў сферы электрычнага аўтамабілебудавання. «Гэта не першае маё знаёмства з падобнымі машынамі. Я ведаю, «Міцубішы» стварылі ў свой час. Горай, можа быць. Потым БМВ — добры, вельмі хуткі, меншымі памерамі. І вось трэці аўтамабіль, які мне даводзіцца тэсціраваць. Я вам раскрываю ўсе карты: з даўніх часоў аўтамабілі — гэта маё хобі, я сачу за развіццём гэтай галіны», — прызнаўся ён.

Паводле яго слоў, лінейка машын Geely з рухавікамі ўнутранага згарання - гэта толькі першая прыступка. «Нам патрэбен электрамабіль. Можа быць, на тым заводзе, можа быць, асобна. Будзеце вы з амерыканцамі, з немцамі або з англічанамі яго ствараць - ваша справа. Вы павінны мне ў бліжэйшы час унесці прапановы», — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што развіццё аўтамабілебудавання на электрычнай цязе супадае з будаўніцтвам у Беларусі АЭС, якая дазволіць замясціць значныя аб'ёмы прыроднага газу і стварыць прыстойны прафіцыт электраэнергіі. «На шчасце, мы трапілі ў струмень. Сённяшні трэнд у свеце — гэта чыстыя тэхналогіі, чыстыя аўтамабілі, чыстыя рухомыя саставы, гэта замена вуглевадародаў на чыстае паліва. Электрычнасць як раз з'яўляецца падобным палівам», — звярнуў увагу ён.

З электракарам «Тэсла», які тэсціраваў кіраўнік дзяржавы, на тэрыторыі Палаца Незалежнасці змаглі азнаёміцца ўсе ўдзельнікі сустрэчы і ацаніць характарыстыкі мадэлі.

Падчас сустрэчы Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на неабходнасць развіцця іншых відаў электрычнага транспарту, у тым ліку ровараў, матацыклаў і скутараў. «У нас гэта прадпрыемства ёсць. Вы можаце гэта ўжо рабіць, гэта трэба хутчэй запускаць. Для вёскі — адзін варыянт, для горада — іншы. Мы падумаем, як вас падтрымаць потым у вытворчасці, каб гэта было даступна для людзей. Трэба пераходзіць на электрычнасць. Мы ўжо спазняемся. Падключайце ўсіх і пачынайце працаваць, што не атрымліваецца - дакладвайце», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?