Увечары 30 жніўня пад Квідзінем у Паморскім ваяводстве Польшчы адбылася чыгуначная аварыя. Пасажырскі цягнік «Пагорыя», які накіроўваўся з Гдыні ў Бельска-Бялу, урэзаўся ў грузавы састаў, які з'язджаў на пад'язны шлях. 7 з 11 вагонаў «Пагорыі» сышлі з рэек, паведамляе Радыё Польшча.
PAP
У выніку сутыкнення 29 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку чатыры дзіцяці, адно з іх было транспартаванае на верталёце хуткай медыцынскай дапамогі. Па словах ратавальнікаў, гэта цуд, што ніхто не загінуў.
«У асноўным у выніку сутыкнення з пасажыры атрымалі ўдары і парэзы. Пры гэтым ні адзін з іх не страціў прытомнасць і ўсе пакінулі вагоны самастойна. Нам нават не давялося выкарыстоўваць насілкі», — адзначыў брыгадзір пажарнай службы Томаш Камашыньскі.
На дапамогу пацярпелым прыбылі медыцынскія і пажарныя службы, а таксама мясцовыя ўлады і насельніцтва. Пасажыраў размясцілі ў спартзале мясцовай школы, дзе для іх былі падрыхтаваныя вада, прадукты харчавання і матрацы.
Да раніцы рух на маршруце быў адноўлены.
Паводле даных папярэдняга расследавання, да сутыкнення цягнікоў прывяло тое, што машыніст грузавога саставу з невядомых прычынах не затармазіў на сігнале прыпынку, перадае PAP са спасылкай на міністра інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы Анджэя Адамчыка. Міністр звярнуў увагу, што расследаванне працягваецца, ім займаецца Дзяржаўная камісія па расследаванні чыгуначных аварый.