Амаль усе школы беларускай сталіцы падобныя адна да адной, як блізняты. Хоць бы таму, што будуюцца яны па стандартных планах. І ўсё ж сярод амаль 250 школ і гімназій Мінска ёсць асаблівыя і ўнікальныя.

У топ-5 самых незвычайных школ беларускай сталіцы ўвайшлі 4 ужо дзейныя навучальныя ўстановы і адна, якая прыме вучняў у 2019 годзе. Але гэтая школа па сваёй арыгінальнасці цалкам можа пераўзысці ўсе наяўныя.

СШ №4: самая старая школа Мінска

У 2016 годзе менская школа №4 адзначыла сваё стадзесяцігоддзе. У 1906 годзе прыватныя прадпрымальнікі Зубакін і Фальковіч на вуліцы Магазіннай, 32 адкрылі прыватную паўнапраўную мужчынскую гімназію, правапераемніцай якой і з'яўляецца цяперашняя школа №4.

wikimapia.org

wikimapia.org

На Чырвонаармейскую, 11 школа пераехала ў 1936 годзе — спецыяльна для яе быў пабудаваны будынак па праекце архітэктара Герасіма Якушка. Падчас вайны ад яго засталіся толькі сцены. Але за 2 гады школу аднавілі, і ў 1947-м яна зноў пачала працаваць. У 1979 годзе была праведзена рэканструкцыя будынка і да яго дабудавалі другую частку.

Фасад школы захаваўся ў ідэальным стане. Унікальнай асаблівасцю школы з'яўляецца бібліятэка, якая размяшчаецца ў паўкруглым калонным порціку. А таксама мармуровая лесвіца яшчэ даваенных часоў.

Першая школа сталіцы, пабудаваная па ўнікальным праекце

СШ №23 — першая школа ў Мінску, пабудаваная па ўнікальным архітэктурны праекце. Адкрылася яна ў Сухараве ў 2009 годзе. Нягледзячы на тое, што разлічана навучальная ўстанова на 720 месцаў, у першы ж год свайго існавання за парты ў ёй села каля 900 вучняў.

Школа сапраўды вылучаецца на фоне тыповых, хоць зусім ужо незвычайным будынак не назавеш. У школе два корпусы — навучальны і культурна-забаўляльны, у якім ёсць дзве спартзалы, трэнажорная і харэаграфічная залы і нават зімовы сад. Асаблівасцю навучальнага корпуса з'яўляецца лекцыйная зала на 90 месцаў.

Школа імя Рут Уолер

130-я школа, што адкрылася ў 2004 годзе, з нядаўняга часу носіць імя амерыканкі Рут Уолер. Гаворка ідзе пра першую сакратарку гуманітарнай місіі ААН у Беларусі. У Мінск яна прыбыла ў красавіку 1946 года, а памерла ў жніўні таго ж года. 24-гадовая Рут захварэла на менінгіт пасля таго, як выратавала трох дзяцей, якія танулі ў сажалцы ў Лошыцкім парку.

Фота — з афіцыйнага сайта школы.

Фота — з афіцыйнага сайта школы.

У школе цяпер вучыцца каля 1000 дзяцей. Тут ёсць дзве спартыўныя, трэнажорная і харэаграфічная залы, камп'ютарныя класы і кабінеты інфармацыйных тэхналогій, медыцынскі, працэдурны і стаматалагічны кабінеты і нават кабінет сэнсарнага стымулявання!

Вонкава школа таксама выглядае досыць незвычайна і арыгінальна, хоць яна і пабудавана па стандартным праекце.

Эксперыментальная і самая «прасунутая» 61-я школа

Адкрытую ў 2014 годзе годзе школу адразу ж назвалі эксперыментальнай і ўнікальнай. Адкрываў яе тагачасны мэр Мікалай Ладуцька, а ў сёлетнім маі яе наведаў Аляксандр Лукашэнка.

Фота — з афіцыйнага сайта школы

Фота — з афіцыйнага сайта школы

Безумоўна, на дадзены момант — гэта самая «прасунутая» школа Беларусі. Тут велізарная колькасць спартыўных пляцовак, два басейны, саўна і джакузі, трэнажорныя залы, годна абсталяваныя класы… Увогуле, дзіўна, што школьнікі яшчэ дадому сыходзяць.

Праект школы распрацоўваўся індывідуальна, таму яна не падобная ні да адной іншай. Будынак выглядае стыльна, самавіта і маштабна — іншы ўніверсітэт пазайздросціць.

Дарэчы, цікавы факт: першапачаткова школу планавалася зрабіць праваслаўнай, а ў самім будынку ўсталяваць алтар. Месца для будаўніцтва ў 2012 годзе нават асвяцілі патрыярх маскоўскі Кірыл. Але гарадскія ўлады вырашылі, што школа будзе звычайнай, свецкай.

Няма межаў дасканаласці: школа ў Новай Баравой

Яна прыме першых вучняў у 2019 годзе. Але, шчыра кажучы, ужо цяпер можна пачынаць хацець у ёй вучыцца. Пабудаваная яна будзе па ўнікальным праекце і змесціць больш за тысячу вучняў.

Школа будзе радыкальна адрознівацца ад усіх існуючых: яна ўвабрала ў сябе шмат смелых рашэнняў і праектавалася з аглядкай на ўжо існуючыя сучасныя навучальныя ўстановы Фінляндыі і Нарвегіі. Плануецца, што яна стане месцам для гарманічнага развіцця дзяцей, дзе павінна быць месца для вучобы, спорту і камунікацыі.

Замест пустога хола — прасторны амфітэатр, дзе вучні змогуць бавіць вольны час. Для вучняў малодшых класаў выдзелена асобнае крыло — малыя і падлеткі не павінны адзін аднаму перашкаджаць. Для старшакласнікаў будуць створаны зоны адпачынку, бо ў школе трэба не толькі вучыцца, але і аднаўляць сілы.

Мэбля, як і многае іншае ў інтэр'еры, будзе створана па індывідуальным праекце. Што тычыцца спартыўнага складніку, то, акрамя непасрэдна спартзалы ў самой школе, у адным комплексе з ёй будзе пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам і трэнажорнай залай. Увечары аб'екты фізкультурна-аздараўленчага комплексу будуць адкрыты для наведвання жыхарам Новай Баравой — дастаткова толькі набыць абанементы.

І — самае незвычайнае — у школе будзе эксплуатавацца дах! На яго можна будзе выйсці ў пагодлівы дзянёк, напрыклад, з бібліятэкі і пачытаць на свежым паветры. Праект «школы будучыні» цяпер знаходзіцца на стадыі дэталёвага праектавання, але ўжо цяпер дзівіць незвычайным для Беларусі падыходам і багаццем наватарскіх ідэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0