Органы юстыцыі КНДР завочна прысудзілі да смяротнага пакарання чатырох паўднёвакарэйскіх журналістаў. Асуджаныя заслугоўваюць найвышэйшай меры пакарання, бо ў сваіх рэцэнзіях на крытычную кнігу пра Паўночную Карэю «сур'ёзна абразілі годнасць Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі», гаворыцца ў пастанове суда ў Пхеньяне, апублікаванай у чацвер, 31 жніўня.

У дакуменце падкрэсліваецца, што «смяротныя прысуды павінны быць прыведзеныя ў выкананне ў любы час і ў любым месцы без далейшых разбораў». Асуджаныя ў КНДР журналісты знаходзяцца ў Паўднёвай Карэі., піша DW.

Гнеў паўночнакарэйскіх уладаў выклікалі іх рэцэнзіі на кнігу брытанскіх журналістаў Дэніэла Тудара і Джэймса Пірсана «North Korea Confidential», выпушчаную ў 2015 годзе. У гэтай кнізе брытанцы апісваюць ролю рынкавых механізмаў у паўсядзённым жыцці паўночнакарэйцаў і, у прыватнасці, згадваюць аб папулярнасці паўднёвакарэйскіх серыялаў у КНДР і трэндах моды.

Паўднёвакарэйскія газеты «Чосан ільба» і «Тона ільба» надрукавалі рэцэнзіі на карэйскае выданне гэтай кнігі і яе вокладку, на якой намаляваны паўночнакарэйскі герб, дзе чырвоная зорка замененая на знак даляра. Суд у Пхеньяне расцаніў гэта як «нікчэмную ачарняльную кампанію». Гэтыя журналісты «зайшлі настолькі далёка, што нават абгаварылі і абразілі недатыкальную назву нашай краіны і яе нацыянальныя сімвалы», — адзначаецца ў прысудзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0