Чатыры амерыканскія кампаніі выйгралі тэндар на будаўніцтва прататыпа сцяны, якую прэзідэнт Дональд Трамп хоча ўзвесці на мяжы з Мексікай, паведаміла Мытна-памежная служба ЗША.

На некаторых адрэзках мяжы паміж ЗША і Мексікай ужо ёсць агароджы. Фота Getty

На некаторых адрэзках мяжы паміж ЗША і Мексікай ужо ёсць агароджы. Фота Getty

Чатыры бетонных мадэлі 30 футаў (9 метраў) даўжынёй і 30 футаў вышынёй павінны быць пабудаваныя ў бліжэйшыя месяцы, паведамляе ВВС.

Затым на працягу двух месяцаў сцены з дапамогай невялікіх ручных інструментаў будуць правяраць на трываласць, паведамілі ў ведамстве.

Кошт кожнага кантракту — да 500 тысяч даляраў.

Узвядзенне суцэльнай сцяны па ўсёй паўднёвай мяжы ЗША было адным з галоўных перадвыбарчых абяцанняў Дональда Трампа.

Зрэшты, з-за праблем з узгадненнем бюджэту ў кангрэсе ў наступным годзе праект можа застацца без фінансавання.

Будаўніцтва прататыпаў дапаможа скарэктаваць праектныя нарматывы для будучай сапраўднай сцяны, сказаў выконваючы абавязкі намесніка начальніка службы Рональд Віціела.

«У ходзе праверак мы будзем глядзець на эстэтычныя характарыстыкі, наколькі лёгка праз іх можна прабрацца, наколькі яны ўстойлівыя да пашкоджанняў, і будзем ацэньваць канструкцыі, якія прадухіляюць магчымасць пералезці праз іх», — сказаў ён.

У сценах таксама павінны быць прадугледжаныя кабельныя каналы для датчыкаў і камер.

Чатыры кампаніі, якія выйгралі кантракты:

  • Caddell Construction, Мантгомеры, штат Алабама
  • Fisher Industries, Тэмпе, штат Арызона
  • Texas Sterling Construction, Х'юстан, Тэхас
  • WG Yates & Sons Constructio, Філадэльфія, Місісіпі

Віціела сказаў, што не ведае, ці ёсць у гэтых кампаній досвед у будаўніцтве памежных сцен.

Паведамлялася, што заяўкі на ўдзел у праекце падалі больш за 200 кампаній.

На наступным тыдні будуць абвешчаныя кантракты на будаўніцтва прататыпаў, зробленых з іншых матэрыялаў, акрамя бетону.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0