Дапусьцім, што палітычная лёгіка сыстэмы не памянялася. Што тады здарыцца 28 верасьня? На самых чэсных выбарах у палату ня трапіць ніводзін кандыдат са сьпісу АДС — народ не падтрымае. Захад закапыліць губу і прызнае выбары толькі часткова. Лукашэнка «пакрыўдзіцца» і прызнае незалежнасьць асяцінскіх аулаў узамен за падпісаньне новага газавага пагадненьня з Масквой. Апазыцыя застанецца пры разьбітым карыце.

Дапусьцім, што лёгіка памянялася. Сыстэма пачынае дзейнічаць па мэтадзе Аліева. Прапускае пару ціхіх апазыцыяністаў у палату і пераходзіць з рангу свайго для Расеі, чужога для Захаду ў ранг свайго чужога для Захаду і Расеі.

Што здарыцца 28?га?

Лідэры апазыцыйных партый па?рознаму адчытваюць сыгналы ўладаў і ставяць на розныя тактыкі.

Не зарэгістраваныя 18 кандыдатаў са сьпісу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Не зарэгістраваныя і Мікола Статкевіч, Аляксандар Макаеў.

Увогуле, па выніках працы акруговых камісій і ЦВК 76 прэтэндэнтам у дэпутаты палаты прадстаўнікоў было адмоўлена ў рэгістрацыі. Гэта 23 % ад агульнай колькасьці тых, хто падаў дакумэнты на рэгістрацыю.

Галоўнай прычынай адмоваў зьяўляюцца нібыта няправільна сабраныя подпісы (напрыклад, няправільна прастаўленыя даты). Другая прычына — няправільна запоўненыя дэклярацыя. Хаця тут, як прызналася ў пятніцу на прэс?канфэрэнцыі Лідзія Ярмошына, акруговыя камісіі дзейнічалі «занадта строга». Яна прывяла прыклад аднаго з кандыдатаў, якому ў правіну паставілі незадэкляраваны матацыкл, які даўно згарэў (маецца на ўвазе камуніст Аляксандар Апанасюк з Століна). Гэта не зашкодзіла ЦВК такі адмовіць ў сераду Апанасюку ў ягонай скарзе.

Шэсьць чалавек добраахвотна зьняліся з дыстанцыі, у тым ліку дэпутаты Палаты сёньняшняга скліканьня — Сяргей Касьцян, Анатоль Красуцкі, Мікалай Чурсін, Сяргей Камянецкі. Некаторыя зь іх захаваюць на суцяшэньне дзяржаўныя пасады і службовыя кватэры.
Увогуле ж, у выбарах будуць удзельнічаць 37 былых дэпутатаў. Такім чынам, склад палаты падновіцца мацней, чым у мінулы раз.

Ніводная апазыцыйная партыя на этапе рэгістрацыі не абышлася бяз стратаў. Найбольш адчувальныя панесьлі ПКБ і БНФ. Акруговыя выбарчыя камісіі не зарэгістравалі па пяць чалавек ад гэтых арганізацый.

Зьвяртае на сябе ўвагу адмова ў рэгістрацыі двум намесьнікам старшыні Партыі БНФ — Вінцуку Вячорку і Віктару Івашкевічу. Абодвум палітыкам адмоўлена з прычыны «несапраўднасьці больш чым 20 % сабраных подпісаў».

В. Івашкевіч меўся ісьці на выбары па Кастрычніцкай акрузе Менску, В. Вячорка — у Зялёным Лузе. Па Кастрычніцкай акрузе затое зарэгістравалі намесьніка Гайдукевіча, а ў Вячоркавай — Віктара Кавальчука, былога сябра Партыі БНФ.

У Барысаўскай вясковай акрузе адмоўлена ў рэгістрацыі мясцоваму лідэру Сяргею Салашу.

Увогуле,

сярод маладых кандыдатаў, што балятуюцца па сьпісе АДС, страты істотныя — так, нібыта ўлады хацелі паказаць: актыўнай моладзі не пацерпім. У Менску не зарэгістравалі былога лідэра «Правага альянсу» Юрася Карэтнікава, а ў Мастах — дэпутата мясцовага гарсавету Зьмітра Кухлея.

Сярод незарэгістраваных кандыдатаў ад ПКБ: Аляксандар Галькевіч (Баранавіцкая?Ўсходняя № 6), Павал Станеўскі (Шчучынская № 60) — тутака без альтэрнатывы будзе ісьці намесьніца старшыні аблвыканкаму Бірукова, Васіль Лапацін (Бярэзінская № 61).

Чатыры чалавекі ад АГП сышлі з барацьбы за дэпутацкі мандат. Гэта былы палітвязень Іван Крук (Івейская № 53), Мікалай Уласевіч (Смаргонская, № 59), Артур Цурбакоў (Гомельская?Навабеліцкая № 36), Адам Варанец (Гомельская?Вясковая № 37).

Тым ня менш,

лідэр АГП Анатоль Лябедзька застаецца перакананым праціўнікам байкоту.
«Сабраўшы па Менску і іншых кутках краіны больш за 500 подпісаў магу сьмела казаць, што ідэяй байкоту жывуць толькі сярод 2—3% выбарцаў», — мяркуе ён.

Ад БСДП не зарэгістравалі трох кандыдатаў: Алега Мікуліна (Віцебская?Вясковая №21), Максіма Камароўскага (Рагачоўская №45), пэнсіянэрку Ірыну Вештарт (Смаргонская №59) — у яе акрузе безальтэрнатыўна ідзе лідэрка праўладных камуністаў Тацяна Голубева.

Увогуле,

Гарадзеншчына застаецца для ўладаў найбольш падазроным рэгіёнам. Тут найбольш адмоваў, найбольш безальтэрнатыўных акругаў.

«Ірына Вештарт — чалавек вядомы ў Смаргоні, яна некалькі разоў была дэпутатам гарсавету. Думаю, што яе шанцы расцэньваліся б як вельмі высокія», — кажа старшыня БСДП Анатоль Ляўковіч. Самога Ляўковіча зарэгістравалі ў Берасьці.

Агулам кандыдатамі ў дэпутаты былі зарэгістраваныя 276 чалавек (усяго вылучалася 365).

Конкурс на дэпутацкае месца складае 2,5 чалавекі на месца. У 2000 г., калі апазыцыя байкатавала выбары, гэты паказьнік быў роўны 5,3 чалавекі, у 2004 — 3,26.
Сёлета ўжо пабіты антырэкорд.

30 жніўня Сойм Партыі БНФ прыняў рашэньне аб зьняцьці сваіх кандыдатаў. Гэта адбудзецца 23 верасьня, за пяць дзён да выбараў. Падобнае рашэньне прыняў і аргкамітэт Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі.

У нядзелю пытаньне ўдзелу ў выбарах разглядалася і на пасяджэньні Палітрады АДС. Старшыня БНФ Лявон Баршчэўскі заклікаў падтрымаць рашэньне партыі аб спыненьні ўдзелу ў выбарчай гонцы. Аднак кіраўніцтва апазыцыйнай кааліцыі падтрымала кампрамісны варыянт, паводле якога Палітрада павінна сабрацца 21 верасьня і яшчэ раз разгледзець усе магчымыя варыянты.

«Уладу неабходна ўжо цяпер ставіць перад выбарам, хочуць яны, каб вынікі выбараў былі прызнаныя або не», — кажа нязгодны з рашэньнем АДС Лявон Баршчэўскі.

Аднак тры вылучэнцы АДС заявілі, што здымаюць свае кандыдатуры, ужо 1 верасьня. Усе выпадкі зафіксаваныя на Гомельшчыне. Зьняліся кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў (Гомельская Савецкая акруга №34), Леанід Судаленка з АГП (Хойніцкая №47) і Валеры Пуціцкі ад БНФ (Рэчыцкая №44). Відаць, гэта не апошнія падобныя выпадкі.

Такім чынам, у краіне ўжо цяпер паўтара дзясятка безальтэрнатыўных акругаў. А калі АДС, насуперак заклікам ЗША і ЭС, таксама праігнаруе выбары — то іх стане ўсе 50 працэнтаў. Гэта наўрад ці спадабалася б выбарцам. Як паказваюць апытаньні грамадзкае думкі, каля 70% беларусаў лічаць дэмакратыю каштоўнасьцю.
Калі лёгіка дзеяньняў улады не зьмянілася, пасьля 28 верасьня ў выйгрышы акажуцца Баршчэўскі і Саньнікаў як лідэры, што імкнуліся сарваць сцэнар уладаў, навязаць сваю гульню. Калі ж лёгіка дзеяньняў улады зьмянілася, то навідне акажуцца асобы, вызначаныя ўладамі як дэпутаты палаты ад апазыцыі.
У кулюарах пагаворваюць, што імі маглі б стаць, напрыклад, Яраслаў Раманчук і Станіслаў Багданкевіч — два лібэралы, два каталікі. Аднак пасьля апошняга паседжаньня АДС 31 жніўня былы кіраўнік Нацбанку Беларусі заявіў: «Парлямэнцкія выбары нельга лічыць сумленнымі і справядлівымі. Прыхільнікаў дэмакратыі ў Беларусі нямала, аднак па тэлебачаньні, па радыё мы маем магчымасьць выступіць аднойчы ў чатыры гады. Няўжо можна казаць, што ў народу ёсьць выбар? У маёй Чкалаўскай акрузе ва ўчастковыя камісіі ня ўключаныя такія вядомыя і паважаныя ў Беларусі людзі, як Зінаіда Бандарэнка, Павал Казлоўскі, Анатоль Паўлаў, Васіль Шлындзікаў. Як пасьля гэтага Лукашэнка можа заяўляць, што «выбары абдудуцца без падману»? Лічу, што ўлады нічога ня зробяць, акрамя словаў. Я загадзя ведаю, што здымуся з выбараў».

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0