Цягам 3 і 4 верасьня Цэнтаравыбаркам разглядаў скаргі кандыдатаў у дэпутаты, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі. Агулам было пададзена 51 скарга, зь іх задаволенымі засталіся восем.

Са сьпісу АДС пашанцавала толькі Міхаілу Сілівонцу з ПКБ (Жыткавіцкая акруга № 39) і прадпрымальніцы Ірыне Яскевіч (Віцебская?Чкалаўская № 18). Дабіліся рэгістрацыі і два вылучэнцы ад «Эўрапейскай кааліцыі» — рэдактар «Борисовских новостей» Анатоль Букас (Барысаўская гарадзкая № 62) і старшыня аргкамітэту Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд (Менская?Сьвіслацкая №94).

Цікавы выпадак адбыўся зь незалежным кандыдатам палітолягам Алесем Лагвінцом, які меўся балятавацца ў Сухараве. Акруговая камісія палічыла, што ён няправільна ўказаў свой гадавы даход, прапусьціўшы прыбытак у памеры 215 эўра. Лагвінец патлумачыў, што гэта атрымалася з?за тэхнічнай памылкі, аднак гэтая сума ўвайшла ў задэкляраваны ім гадавы даход.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што ў спадара Лагвінца «быў чыста палітычны намер — падставіць акруговую камісію». А Лідзія Ярмошына дадала: «Ніколі не патрэбна выхоўваць ЦВК. Гэта дорага абыходзіцца».

Дарэчы, на апошняй прэс?канфэрэнцыі спн. Ярмошына прыводзіла прыклад таго, што акруговыя камісіі занадта строга абыходзяцца з кандыдатамі, столінскага камуніста Аляксандра Апанасюка. Маўляў, чалавек не пазначыў у дэклярацыі матацыкл, якога даўно няма, а яго не зарэгістравалі. Аднак у сераду скарга Апанасюку так і не была задаволеная.

Паўторна адмоўлена ў рэгістрацыі сябрам Партыі БНФ Сяргею Салашу (Барысаўская вясковая № 63), Вінцуку Вячорку (Менская Ўсходняя (№ 107), Юр’ю Карэтнікаву (Менская Паўднёва?Заходняя № 99). Адмовілі былому палітвязьню Івану Круку (Івейская № 53).

Адразу двум прадстаўнікам апазыцыйных партый было адмоўлена па Смаргонскай акрузе № 59 — Мікалаю Ўласевіча з АГП і Ірыны Вештард з БСДП. Такім чынам, па Смаргонскай акрузе безальтэрнатыўным кандыдатам застаецца дэпутатка палаты Тацяна Голубева. Шчучынская і Мастоўская акругі таксама застаюцца безальтэрнатыўнымі — адмовілі Паўлу Станеўскаму з ПКБ і Зьмітру Кухлею з БХД адпаведна.

Адмоўлена двум лідэрам «Эўрапейскай кааліцыі» — старшыні аргкамітэту БСДП «Народная грамада» Міколу Статкевічу і прадпрымальніку Аляксандру Макаеву. Статкевіча не зарэгістравалі з прычыны судзімасьці, якая яшчэ не зьнятая, а Макаева — нібыта праз памылкі ў дэклярацыі.

Таксама зьвяртае на сябе ўвагу адмова ў рэгістрацыі былога кіраўніка Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуша Кручкоўскага.

З аднаго боку, працэнт зарэгістраваных апазыцыйных кандыдатаў вышэйшы, чым на мінулых выбарах. У той жа час і адсеў значны, прычым адвольны. Цяжка сабе ўявіць дэмакратычную краіну, у якой не рэгістравалі б кандыдатаў, вылучаных галоўнай апазыцыйнай сілай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?