Інцыдэнт адбыўся гэтым летам у Шарпілаўцы, паведамілі ў Гомельскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Ад укусу жывёлы пацярпела трохгадовае дзіця, піша gp.by.

Як высветлілася, маленькі гамяльчук прыехаў у вёску да бабулі. Разам з ёй ён ішоў па вуліцы і ўбачыў ласку, якая ляжала на зямлі і здавалася мёртвай. З цікаўнасці вырашыў ткнуць пухнатую жывёлу палачкай. Аднак звер апрытомнеў і укусіў дзіця за палец.

«Бацькі пацярпелага малога звярнуліся па меддапамогу, а ласку адправілі на ветэрынарную экспертызу, якая пацвердзіла шаленства, — распавяла лекар-эпідэміёлаг Лідзія Кондрусь. — Дзіцяці прызначаны курс прафілактычных прышчэпак. У вёсцы праведзеныя антырабічныя мерапрыемствы з вакцынацыяй жывёл».

Паводле слоў спецыяліста, часцей за ўсё носьбітамі шаленства ў дзікай прыродзе аказваюцца лісы і ваўкі. Калі вы ўбачылі звера на сельскай або гарадской вуліцы — гэта трывожны знак. Здаровая жывёла да людзей не пойдзе. У мэтах прафілактыкі заражэння асцерагайцеся няпрошаных лясных гасцей. Не спрабуйце падысці бліжэй і пагладзіць іх. Калі ўкусу або драпін пазбегнуць не ўдалося — звярніцеся па медыцынскую дапамогу.

З пачатку года ў вобласці выяўлены 61 выпадак шаленства жывёл. Сярод раёнаў, дзе больш за ўсё зафіксавана эпізодаў: Гомельскі — 7, Буда-Кашалёўскі — 6, столькі ж у Гомелі, па пяць у Лоеўскім, Светлагорскім і Добрушскім. Заражанымі смяротна небяспечным вірусам часцей аказваліся лісы, каты і сабакі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0