Больш за 100 арыгіналаў работ Напалеона Орды будуць прадстаўленыя на выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

Полацк. Манастыр на Верхнім замку і сабор Св. Сафіі — выгляд з боку ракі Дзвіны, 1875-1876. Віцебская папка. Аловак, акварэль, папера, 20,4х27,5 см

Выстава «Напалеон Орда. Ілюстраваная энцыклапедыя краіны» адкрыецца 15 верасня. Упершыню беларускі глядач зможа ўбачыць такую вялікую колькасць арыгінальных твораў мастака — 110 графічных лістоў. У экспазіцыю ўвайшлі пераважна малюнкі з Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Віленскай папак, якія прадстаўляюць архітэктурныя помнікі сучасных тэрыторый Беларусі. Многія з гэтых акварэляў былі літаграфаваныя ў вялікім графічным праекце «Альбом гістарычных відаў Польшчы, прысвечаны суайчыннікам», які Напалеон Орда выдаваў за ўласныя сродкі з 1873 па 1883 год. Беларускаму гледачу больш знаёмыя менавіта літаграфіі з альбома, але выстава дазволіць убачыць акварэльныя арыгіналы, выкананыя майстрам пры падрыхтоўцы альбома.

Выставу акварэляў і малюнкаў выбітнага дзеяча беларускай і польскай культуры XIX стагоддзя, мастака, кампазітара і піяніста Напалеона Орды Нацыянальны мастацкі музей ладзіць сумесна з Нацыянальным музеем у Кракаве. Выстава прымеркаваная да святкавання 210-й гадавіны з дня нараджэння мастака.

Калекцыя акварэляў Напалеона Орды Нацыянальнага музея ў Кракаве з'яўляецца вялікім рэпрэзэнтатыўным зборам, які налічвае 1027 малюнкаў. Большую частку гэтай калекцыі — 977 лістоў — падарыла Кракаўскаму музею ў 1886 годзе Канстанцыя Скірмунт (1851-1934), беларуская публіцыстка і гісторык, якая даводзілася мастаку унучатай пляменніцай (яе маці, скульптар Алена Скірмунт, была дачкой яго сястры Гартэнзіі).

Выстава праводзіцца пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і амбасады Польшчы ў Беларусі і будзе працаваць па 3 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0