Мінск лічыць вельмі контрпрадуктыўным выбар паміж Расіяй і Еўрасаюзам і не будзе яго рабіць, пра гэта заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка, выступаючы на 10-й канферэнцыі «Мінскі дыялог», прысвечанай будучыні Усходняга партнёрства, піша Tut.by.

— Наша саюзніцтва з Расіяй не азначае, што мы не хочам паляпшаць адносіны з ЕС і ЗША. І ў гэтага ёсць шмат прагматычных прычын, але не ў шкоду цесным стратэгічным адносінам з Расіяй. Прагрэс на гэтым шляху не азначае, што мы спрабуем неяк здрадзіць Расіі, перайсці ў іншы блок. Гэта блокавае мысленне павінна сысці ў мінулае.

Любыя думкі, якія гэтаму супярэчаць, намеснік міністра назваў «проста няправільнымі».

«Мы адмаўляемся рабіць выбар», — дадаў Краўчанка, сказаўшы, што Расія заўсёды будзе асаблівым партнёрам Беларусі.

Дыпламат лічыць, што Еўрасаюзу і ЕАЭС трэба пачынаць прамы дыялог паміж сабой, каб у выніку прыйсці да «агульнай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока», што знізіць канфліктны патэнцыял у рэгіёне.

Краўчанка прапанаваў пачаць з тэхнічных перамоў паміж Еўракамісіяй і Еўразійскай эканамічнай камісіяй аб гарманізацыі стандартаў, гандлі, мытні і існуючых тэхнічных бар'ерах.

Паводле слоў намесніка міністра, МЗС чакае ад саміта Усходняга партнёрства ў лістападзе ў Брусэлі большай колькасці праектаў, у тым ліку па пашырэнні доступу на еўрапейскі рынак, развіцці інфраструктуры, абмене мытнай інфармацыяй.

Пасля выступу, размаўляючы з журналістамі, Краўчанка дадаў, што Мінск спадзяецца на з'яўленне ва Усходнім партнёрстве ЕС эканамічнага вымярэння.

— На жаль, зараз бачных, адчувальных вынікаў гэтага фармату супрацоўніцтва недастаткова. Я не крытыкую яго зараз, гэта наша агульная задача… Мы хочам дасягнуць хоць нейкіх сціплых, але бачных вынікаў у рамках гэтага фармату.

Беларусь таксама спадзяецца, што на саміце ў лістападзе Беларусь і ЕС пачнуць перамовы па заключэнні базавага пагаднення. Каментуючы гэтае пытанне пасля свайго выступу, Краўчанка дадаў, што пакуль няма гатоўнасці з боку ЕС абмяркоўваць гэтае пытанне.

— Калі мы зможам у агляднай перспектыве падысці да заключэння гэтага пагаднення, гэта будзе адным з найважнейшых дасягненняў. Гэта наша стратэгічная мэта ў адносінах з ЕС.

Намеснік міністра таксама адзначыў, што ў Мінску не чакаюць, што пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС будзе парафіравана на лістападаўскім саміце Усходняга партнёрства ў Брусэлі. Перамовы, па яго словах, знаходзяцца «на этапе перамоваў».

- Я не сыходжу ад адказу, але гэта тэхнічны працэс, у якім чакаць нейкіх сенсацыйных прарываў я б не стаў. Не чакайце праблем палітычнага характару, час сыходзіць на ўзгадненне дэталяў.

Беларусь пакуль не вызначалася, хто ўзначаліць яе дэлегацыю на саміце, бо яшчэ не паступілі запрашэнні ад ЕС, дадаў Краўчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0