У вучэннях на палігоне «Ганчароўскае» ў Чарнігаўскай вобласці, што пачаліся сёння пад аператыўным камандаваннем штабу сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны «Поўнач», на першым этапе возьмуць удзел больш як 1000 рэзервістаў, якія ўжо адслужылі год па мабілізацыі і маюць досвед вядзення баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны.

«Асноўнай мэтай правядзення вучэнняў рэзервістаў ёсць аднаўленне навыкаў асабістага складу аператыўнага рэзерву да дзеянняў у складзе падраздзяленняў і падрыхтоўка да выканання адпаведных задач», — сказалі Радыё Свабода ў прэс-службе аператыўнага камандавання «Поўнач».

Суразмоўца падкрэсліў, што ў часе вучэнняў будуць адпрацоўвацца ўсе элементы баявой падрыхтоўкі. А самі манеўры зоймуць месяц — фактычна да завяршэння беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017».

Папярэднія вайсковыя вучэнні сухапутных войскаў Украіны на палігоне «Ганчароўскае» праходзілі з 29 жніўня да 1 верасня. Камандаванне «Поўнач» — аператыўнае аб’яднанне сухапутных войскаў Узброеных сілаў Украіны, якое дзейнічае на тэрыторыі Жытомірскай, Кіеўскай, Палтаўскай, Сумскай, Чаркаскай і Чарнігаўскай абласцей і Кіева.

Паралельна, ад пачатку верасня, ва Украіне ў рамках аператыўнай падрыхтоўкі Генеральнага штаба Узброеных сілаў пры ўдзеле памежных войскаў працягваюцца двухступенныя камандна-штабныя вучэнні органаў кіраваньня і падраздзяленняў органаў аховы дзяржаўнай мяжы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0