Грамадскае абмеркаванне аб'екта «Горадабудаўнічы праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах пр. Незалежнасці — вул. Камсамольская — вул. Інтэрнацыянальная — вул. Леніна» будзе праходзіць з 11 верасня па 5 кастрычніка 2017 года. Прэзентацыя матэрыялаў праекта адбудзецца 13 верасня ў 18.30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, паведамляе Tut.by.

Аб'ектам праектавання з'яўляецца тэрыторыя плошчай 7,3 гектара. Заказчык праекта — камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, распрацоўшчык — УП «Мінскграда».

На сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна гаворыцца, што «мэтай горадабудаўнічага развіцця праектаванага раёна з'яўляецца захаванне з мадэрнізацыяй часткі забудовы і размяшчэнне новага будаўніцтва ў ядры горада. Пры гэтым плануецца захаванне і прымнажэнне яго ўнікальных прыродна-ландшафтных, матэрыяльна- і сацыяльна-прасторавых якасцяў, узбагачэнне архітэктурна-планіровачнай своеасаблівасці тэрыторыі, а таксама стварэнне бяспечнага, безбар'ернага, спрыяльнага і разнастайнага гарадской асяроддзя для жыццядзейнасці насельніцтва».

Згодна з праектам, квартал у межах пр. Незалежнасці — вул. Камсамольская — вул. Інтэрнацыянальная — вул. Леніна чакае ўшчыльненне ў выглядзе паркоўкі для аўтамабіляў: колькасць машына-месцаў тут павялічыцца да 896 (было ўсяго 130). Таксама могуць з'явіцца невялікі прамтаварны магазін і аб'ект грамадскага харчавання. Чым канкрэтна ўшчыльняць гэты квартал, у адміністрацыі Цэнтральнага раёна патлумачыць адмовіліся.

З праектнымі матэрыяламі па праекце можна азнаёміцца з 11.09.2017 па 05.10.2017 ў фае 3-га паверха будынка адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска, таксама на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска centr.minsk.gov.by у рубрыцы «Грамадскія абмеркаванні».

Усе свае заўвагі і прапановы ў пісьмовай форме па выстаўленым на грамадскае абмеркаванне праекце да 05.10.2017 вы можаце накіраваць у адміністрацыю Цэнтральнага раёна г. Мінска з паметкай «грамадскае абмеркаванне» (адрас: 220004, г. Мінск, вул. Мельнікайтэ, 6; электронны адрас: [email protected]).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0