У нашай даўняй гісторыі няма іншай падзеі, якая б стала падобным сімвалам і выклікала столькі ж вострых баталій, як бітва пад Воршай. Гэта вялікая перамога над намнога большым маскоўскім войскам, здабытая ў абарончай вайне, на сваіх землях і сваёй жа арміяй, кіраванай сваім (праваслаўным!) гетманам. Пачынальнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі бачылі ў ёй лепшы доказ гістарычнай нятоеснасці беларусаў і вялікарусаў. А для гісторыкаў расейскіх, наадварот, яна была ці не самай «нязручнай» падзеяй, што ніяк не ўпісвалася ў канцэпцыю «адзінага славянарасійскага народу». Вось жа стаўленне да гэтай бітвы ў самой Беларусі і вызначалася змаганнем расійскага бачання з беларускім.

Пасля разгрому «нацдэмаўскай» гістарыяграфіі і ўсталявання савецкай гістарычнай дактрыны Ворша была табуяванай тэмай, – да абвяшчэння дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі. Толькі тады «забытая» сеча вярнулася ў падручнікі, была ацэненая як «вялікая перамога” ваяроў, што «баранілі незалежнасць сваёй дзяржавы, свае хаты і сем’і». У першай палове 1990-х гадоў, пры хоць якой дэмакратыі, пра Аршанскую бітву ў нас пісалася болей, чым пра якую іншую падзею айчыннай гісторыі. І штогод колькасць публікацыяў пра яе ў перыёдыцы падвойвалася!

З прыходам А. Лукашэнкі ды яго курсам на рэінтэграцыю з Расіяй стаўленне да бітвы дыяметральна змянілася. Мясцовыя адэпты «трыадзінарускасці» зноў узяліся цвердзіць, быццам бітва пад Воршай не вартая і памяці, бо была … «братазабойчай». Трашчанок так і піша: войны Масквы супраць ВКЛ «нельга прадстаўляць як беларуска-рускія сутыкненні, у якіх рускі бок быў агрэсарам», гэта – «зламысная фальсіфікацыя!” Дык кім жа тады быў «рускі бок» у распачатых ім жа войнах?

Для цяперашніх трубадураў «Вялікай Расіі», як і для іх ідэйных айцоў з ХІХ ст., межы «рускага» народа вызначала праваслаўе, таму, маўляў, агрэсія Масквы супраць Вялікага Княства была справядлівай барацьбой за «ўз’яднанне» зямель Русі ў адной дзяржаве. Але акурат Аршанская бітва і бурыць падобны тэзіс пра праваслаўе як падставу таго «адзінства» ды справядлівы характар войнаў «за ўз’яднанне».

Вось жа ў ХVІ ст. для нашых продкаў было натуральным не толькі помніць пра перамогу пад Воршай, але і ганарыцца ёю. Праваслаўны летапісец дзякаваў гетману Астрожскаму за тое, што яго стараннямі «маскоўскага ворага пабілі», і ставіў маскавітаў у адзін шэраг з бусурманамі. У эпоху жорсткага супрацьстаяння з Масквою сечу 1514 году часта згадвалі ў гераічным кантэксце, называючы «вялікай бітвай Аршанскай». Падзея, якая ўжо тады набыла сімвалічнае значэнне, вартая таго, каб быць ключавым топасам беларускага нацыянальнага наратыву. Таму эпігоны заходнерусізму і стараюцца любым чынам затушаваць ці маргіналізаваць яе. То цвердзяць, быццам армію Астрожскага складала толькі польская і літоўская шляхта, а беларусы калі і былі, дык «паднявольныя», то што бітва не мела аніякага значэння…

Ніхто не скажа дакладна, якую частку пераможнага войска складалі вершнікі з Беларусі, але гэта не мае прынцыповага значэння. Прынцыповы факт масавага ўдзелу ў бітве праваслаўнай беларускай шляхты (а пад Воршу прыйшло паспалітае рушанне з усіх земляў ВКЛ!) і тое рэха, якое яна выклікала ў тагачаснай Беларусі. Шляхта ж (а яна па вызначэнні не бывала «паднявольнай») незалежна ад этнічнага паходжання лічыла ВКЛ сваёй дзяржавай і бараніла, бо даражыла яго палітычным ладам.

Што ж да значэння, то хоць перамога і не стала вырашальнай у вайне, яна спыніла маштабны наступ маскоўскай арміі ўглыб краю і дапамагла вызваліць гарады Ўсходняй Беларусі, а ў далейшым – і паспрыяла развалу небяспечнага ваеннага альянсу Масквы з імперыяй Габсбургаў, які пагражаў існаванню ВКЛ. Так што пафасныя словы падручніка пра абарону суверэнітэту зусім не беспадстаўныя.

Менавіта бітве пад Воршай выпала асаблівая роля ў фармаванні сучаснай беларускай тоеснасці. Ніводная іншая падзея не выклікае такога канфлікту ідэнтычнасцяў – беларускай і расійскай. У стаўленні да яе і выяўляецца, хто кім сябе ідэнтыфікуе. Для адных гэта «святая бітва за Бацькаўшчыну”, для другіх – «эпізод унутрырускай міжусобіцы». І звесці іх немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?