Сцэнарыст і рэдактар Лен Уэйн памёр у ЗША ва ўзросце 69 гадоў. Пра смерць Уэйна паведамляюць інфармагенцтвы са спасылкай на кампаніі DC і Marvel Comics, для якіх ён стварыў цэлы шэраг культавых персанажаў.

Выканаўца ролі Расамахі Х'ю Джэкман выказаў у сваім інстаграме спачуванні сям'і і сябрам Уэйна

Лен Уэйн пачаў працу ў DC Comics у пачатку 1970-х гадоў і спачатку пісаў сцэнар для чарговых выпускаў пра прыгоды Супермэна і Флэша. Аднак ужо ў 1971 годзе Уэйн прыдумаў уласнага супергероя, які стаў вядомы як Балотная Пачвара (Swamp Thing).

На працягу больш як дваццаці гадоў Балотная Пачвара заставалася адной з візітных картак DC, аднак сам Уэйн у сярэдзіне 1970-х пераключыўся на працу на Marvel, дзе стаў адным са стваральнікаў Расамахі. У 1975 годзе Уэйн адрадзіў серыю «Людзі Ікс», якая была страціла на некалькі гадоў папулярнасць, дадаўшы ў каманду некалькі новых персанажаў — Начны Змей, Буравеснік, Навальніца і Калос.

У канцы 1970-х Уэйн вярнуўся ў DC Comics, дзе працаваў над новымі прыгодамі Бэтмэна, Цуд-жанчыны, Зялёнага Ліхтара, Халка і шэрагу іншых персанажаў.

У 2008 годзе Уэйн быў уключаны ў Залу славы прэміі Айснера, якая лічыцца найбольш прэстыжнай узнагародай у сферы коміксаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0