Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ Антон Маньшын трапіў у Елісавецінскі манастыр, што ў Навінках, як паломнік. Паколькі ён даваў інтэрвію сайту pravoslavie.ru, выступаў у расейскіх манастырах, то яго запрасілі і ў нядзельную школу Сьвята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. Але ў манастыры прызналі, што «гэта была памылка» і «непрыемная гісторыя».

Як паведамлялася, у нядзелю падпалкоўнік запасу расейскага Галоўнага выведнага ўпраўленьня Антон Маньшын, названы «воінам Хрыстовым Антоніем», казаў вернікам у менскім Сьвята-Елісавецінскім жаночым манастыры пра «вайну за сьвятую Русь, без падзелу на Белую, Малую і Вялікую», і пра тое, што прысутныя мужчыны возьмуць у ёй удзел. Таксама Маньшын на сустрэчы з сотняй вернікаў казаў, што «прайшоў дзьве вайны ў Чачні, удзельнічаў у падзеях на Данбасе, засьвяціўся і ў Сырыі», расказваў пра «цуды божыя на вайне».

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін сказаў Свабодзе, што ведае пра неадназначны выступ расейскага падпалкоўніка, але цяпер ён на вакацыях за межамі Беларусі. Сяргей Лепін паабяцаў даслаць свой камэнтар па электроннай пошце ў панядзелак увечары.

«Гэта наша памылка»

Рэдактарка сайту Сьвята-Елісавецінскага манастыра інакіня Іаанна ня ведае, адкуль узяўся падпалкоўнік Маньшын, але выказала сваё стаўленьне да выступу расейскага афіцэра:

«На жаль, гэта была наша памылка, што мы гэта арганізавалі. Але я, на жаль, ня ведаю, адкуль узяўся гэты падпалкоўнік. Гэта вельмі непрыемная гісторыя».

Іаанна параіла зьвярнуцца да манахіні Елізаветы, якая арганізавала сустрэчу з падпалкоўнікам у запасе Антонам Маньшыным.

Падпалкоўнік запасу расейскага ГРУ «дэфілюе па сьвятых месцах»

Маці Елізавета сказала Свабодзе, што расейскі афіцэр Антон Маньшын трапіў у манастыр як паломнік:

«Інтэрвію зь ім было на сайце pravoslavie.ru, выступаў ён у Наваспаскім манастыры. Мы яму таксама прапанавалі, каб ён выступіў з прамовай і ў нашай нядзельнай школцы. Выступ адбыўся. А пра зьмест ягонага выступу я гаварыць не хачу».

Маці Елізавета выбачылася і паклала слухаўку.

З інтэрвію «Малітва афіцэра», якое апублікавана на сайце pravoslavie.ru, вынікае, што паўтара года таму Антона Маньшына адправілі на пэнсію па інваліднасьці. На пытаньне, як ён жыве, чым займаецца, падпалкоўнік запасу адказаў так:

«Ды як жыву… нават ня ведаю, што сказаць. Жалю вартая валтузьня па плоскасьці збавеньня. Дом, царква, манастыры, сьвятыя месцы — дэфілюю па такой плоскасьці. Багалюбаўскі манастыр Андрэя Бароўскага. І Опціна пустынь… Яшчэ манастыр Савы Старажэўскага — ён побач з намі знаходзіцца. Ну і мой храм Пакрова Божай Маці».

Цяпер геаграфія «дэфіле» расейскага падпалкоўніка Антона Маньшына пашырылася — ён даехаў да Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?