«Я думаю, што нашы дэпутаты, якіх мы празь некалькі дзён выбіраем, зьвернуцца да гэтага пытаньня [аб незалежнасьці Асеціі і Абхазіі]...». «На Каўказе амэрыканцы ўпершыню атрымалі па зубах...» «Смаленская вобласьць – гэта Беларусь. ... Смаленскія, бранскія, чарнігаўскія, пскоўскія — яны ж некалі ўваходзілі ў склад Беларусі...». Адбылася прэс-канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных СМІ, што сканчаюць сваю прапагандысцкую паездку па Беларусі.

З выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі:

Аб прыватызацыі

За год ад апошняй сустрэчы накапілася шмат пытаньняў. Я хачу, каб у Расеі ведалі праўду пра Беларусь. Наш саюз цэмэнтуе найперш міжрэгіянальныя сувязі. Мяне крытыкуюць, што я не хачу прадаваць беларускую маёмасьць расейскаму боку. У нас вітаецца прыватны выбар. Але прадаць за бясцэнак добры завод — гэта не для нас. А ці шмат новых уласьнікаў хвалюе доля людзей, што працуюць на прадпрыемствах?

Пра саюзную дзяржаву

Калі казаць шчыра, то мы на замарожаным этапе. Мы маглі б мець нашмат большае, калі б не адбылося ў свой час тармажэньня. Чаму Беларусь нельга ўключаць у склад Расеі? Падзеі на Каўказе гэта пацьвярджаюць. Нам гэта проста ня трэба. У адваротным выпадку Расея згубіць вернага саюзьніка. Калі патрэбная карэкціроўка дамовы, то мы супраць. Але я праціўнік, каб гэтую дамову зьмяняць у бок аслабленьня, каб з нас не сьмяяліся людзі. Хто перашкаджае? Цяжка сказаць. Народы ўспрымаюць абсалютна станоўча. Ёсьць асобныя палітыкі ў Расеі і ў нас, якім гэта не падабаецца, але яны амаль ні на што не ўплываюць. Напэўна, віна нас, палітыкаў, нешта мы не дамовіліся, не дагаварылі. Мы яшчэ вернемся да гэтай праблемы. Абмяркуем і скажам, што будзем рабіць.

Пра разьмяшчэньне СПА ў Польшчы і Чэхіі

Мы з расіянамі аказаліся амаль аточанымі ў гэтым сьвеце. Праблем болей, чым нават вы, журналісты, ведаеце.

Прэзыдэнт Расеі абсалютна адэкватны чалавек, вам зь ім пашанцавала.
Ён хоча, каб мы прыйшлі да згоды па ўсіх пытаньнях. Мы мусім адказваць на ўсе выклікі, каб не было сытуацыі, як на Каўказе. Зброя разьмяшчаецца ў межах Беларусі, а не Расеі, як у вас часта кажуць. Мяжа напічкана сродкамі выведкі.

НАТОўскія самалёты нахабна кантралююць памежную тэрыторыю, часам залятаючы ў саюзную дзяржаву.

Як рэагаваць? Нам трэба нясьпешна разам падумаць.

Нас усё адно не зразумеюць, колькі б мы ні цалавалі Захад у адпаведныя месцы.
Я маю на гэта свае думкі, але не хачу пакуль выказвацца. Мы будзем рабіць з расіянамі ўсё, каб забясьпечыць бясьпеку для народаў. Мы павінны быць гатовыя да ўсяго. У нас добрая супрацьракетная абарона, таму расейцы і просяць нас падпісаць дамову. Афіцыйную, хаця фактычна яна існуе. Будзем рабіць усё прапарцыйна і адэкватна.

Пра Абхазію і Асецію

На пасяджэньні АДКБ у кіраўнікоў дзяржаў былі розныя пазыцыі. Прызнаньне Абхазіі і Асеціі – гэта ня толькі падтрымка Расеі. Нашы цудоўныя адносіны з Абхазіяй пачаліся вельмі даўно. Яшчэ калі Грузія спрабавала заблякаваць Абхазію. Але зрабіць падобнае – зьнішчыць народ. Мы не далі ход такой ініцыятыве на СНД.

З прэзыдэнтам Абхазіі сустракаемся амаль штогод. Прызнаньне – гэта не галоўнае.

Прыйдзе час, і мы разгледзім гэтае пытаньне і ў Беларусі. Разгледзем, таксам як гэта зрабіла Расійская Фэдэрацыя — у парлямэнце. Я думаю, што нашы дэпутаты, якіх мы празь некалькі дзён выбіраем, зьвернуцца да гэтага пытаньня. Змаўчаць і прамаўчаць мы ня маем права. Гэта несумленна ў дачыненьні да Абхазіі. Аналягічна — з Паўднёвай Асеціяй», — сказаў А. Лукашэнка.
Мы будзем дапамагаць Асеціі ўзнаўляць краіны. У нас прамыя адносіны з Абхазіяй і Асеція, без пасярэдніцтва Расеі. Бегчы натоўпам з прызнаньнямі з Расеяй вельмі кепска, то ўсе падумаюць, што націснула Расея. Прыхільнікаў нямала, але ёсьць нюансы.

Пра адносіны з Захадам

Мы траплялі ў клешчы між Захадам і Расеяй. Многім здавалася, што мы вось-вось рухнем, нават калі Расея амаль у два разы павысіла цэны на газ. ВУП расьце штогод, пры самых цяжкіх умовах. Мы выкручваліся як маглі, давілі з усіх бакоў. Везьлі вашым дзеткам натуральныя (!) цукеркі, нас спынялі на мяжы і арыштоўвалі тыя прысмакі. З Захадам мы трапілі таксама ў нялёгкія адносіны, бо падтрымлівалі Расею. Мы ні з кім сварыцца не зьбіраемся, бо мы мост між Захадам і Расеяй. Мы прапанавалі Захаду: давайце будзем размаўляць. Гэта было даўно, ня зараз. Захад ведае нашу пазыцыю. Мы ня можам сябраваць з Амэрыкай за кошт Расеі, я не гандлюю сяброўствам з Расеяй. Нас нідзе лепш не ўспрымаюць, чым у Расеі. Для мяне там людзі гатовыя аддаць апошняе. Да нас там падыходзяць з душой. Падчас напружаных адносін між кіраўніцтвам краін, расіяне былі на баку Беларусі. Мы ў амэрыканцаў павінны вучыцца, яны ж ня кінулі Саакашвілі, падтрымалі яго. Вось так трэба рабіць саюзьнікам. Ня трэба баяцца абараняць свае інтарэсы, нам амэрыканцы паказваюць як гэта трэба рабіць. Мы будзем наладжваць адносіны з Захадам, бо іншага выбару няма. Апазыцыя часта абвінавачвае, што заключым саюз з Расеяй, паедзем ваяваць у Чачню. Ніхто не паедзе. А танкі ў Маскву празь Беларусь мы ня пусьцім, будзем ваяваць. Хаця мы самыя міралюбівыя ў сьвеце людзі.

Пра парадак

Ён проста павінен быць.

Калі СССР не траціў так шмат на абарону, то ён бы яшчэ існаваў, бо быў парадак у краіне.
Каб быў парадак трэба, каб усе працавалі з чыстымі рукамі. Карупцыя — самае страшнае, што можа быць. Мне крыўжна, што па дарозе да Масквы няма лоску, яна недагледжаная старая.
У расіян столькі грошай, столькі грошай, калі б мне далі такія, то вы б Беларусь не пазналі.
І грошы ў вас ёсьць, і жаданьне, а бляску няма, як хаця б у Эміратах. Трэба аб’яднаць агульныя сілы. Я задаю аднаму бізнэсоўцу, колькі ён зарабляе грошай. Ён не алігарх. Кажа, што за год 350 мільёнаў даляраў, а сёлета будзе мільярд. Я не ўяўляю, што рабіць з такімі грашыма. Гэтыя людзі жывуць абсалютна ў іншым сьвеце. Яны купляюць творы мастацтва, яхты, зямлю. Гэтыя ж грошы ад паліва, ад Госпада Бога, яны павінны заставацца ў Расеі, а не працаваць на чужую эканоміку.

Пра сельскую гаспадарку

Мы атрымалі ўраджай сёлета большы, чым на Кубані. Мы навучыліся вырошчваць паўднёвыя культуры — сланечнікі, рапс, цукровыя буракі, кукурузу. Мы адыходзім ад імпарту многіх прадуктаў. Гэта найперш дзякуючы тэхніцы, якую мы маем. Так, яшчэ трэба год‑два гэтую тэхніку давялі да ладу. Мы адмовіліся ад закупкі цыбулі, спаржы, фасолі. Завозім толькі экзатычныя фрукты. Да апошняга часу ў нас лоску не было, цяпер, аказваецца, і заварочваць умеем. Попыт на нашу тэхніку ёсьць вялікі, але трэба яшчэ дапрацоўваць.

Пра АДКБ

Хочацца, каб АДКБ было рэальнай арганізацыяй, як НАТО.

Пра вайну на Каўказе

На Каўказе амэрыканцы ўпершыню атрымалі па зубах. Вось у чым справа.

Расея спыніла агрэсію, якая падобна на фашызм.
Нават пасьля гэтага Расею абвінавацілі немаведама ў чым. Трэба найперш навесьці парадак у сябе і з сваімі саюзьнікамі, а не шукаць выгаду, на даляр вышэй газ будзе каштаваць ці менш. Мы павінны чотка ведаць, чаго хоча Расея.

Пра прыватызацыю яшчэ

Ад прыватніка ня будзе манны нябеснай. Прадпрыемствы разьвіваюцца па аб’ектыўных законах. Па вялікім рахунку ня мае значэньне, ці прадпрыемства прыватнае ці дзяржаўнае. Але прыватнік увесь прыбытак вывезе, а ў нас пойдзе ў вытворчасьць. Прыватніку ня вельмі цікавы будзе народ і дзяржава. Усе хочуць купіць «Беларуськалій», але мы самі зь ім спраўляемся. Мы будзем прадаваць толькі тое, дзе ня зможам самі.

БелАЗ, МАЗ ці МТЗ прадаваць ня будзем.
Мы ня супраць прыватызацыі, але хочам рабіць яе па-гаспадарску.

Пра спакой

Маё малое, якому пяты год, безь мяне з адпаведным чалавекам, ідзе ў парк Чалюскінцаў вечарам пагушкацца на каруселях і нічога не баіцца.
Некалі цягам году мы вырашылі праблемы з бандытамі на дарогах, бо яны пабачылі, што зь імі цырымоніцца ня будзем. Нейкі час каўказцы кепска сябе вялі на рынках. Да мяне прывялі іх чалавека, я сказаў, што твае людзі кепска сябе паводзяць. Ён усё зразумеў. Праз тыдзень быў поўны парадак. У нас няма панятку «чалавек каўкаскай нацыянальнасьці».

Пра экалёгію

Калі ў Менску нехта бяздумна пачне рубіць дрэвы, то ён будзе мець справу асабіста з прэзыдэнтам. Я ж вырас у вёсцы. Балоты даюць найбольш кіслароду ў атмасфэры. Дзякуй, што некалі іх ня высушылі. Адзін з маіх прынцыпаў: ні ў якім выпадку не разбураць прыроды. Мы ўжо тры гады спрабуем зараўняць кар’еры, зьнесьці сьметніцы.

У нас і Харватыі самая чыстая вада ў Эўропе, таму ж у нас найлепшая водка.

Пра мадэль кіраваньня

Зьявіліся людзі, якія не падвяргаюць сумневу курс дзяржавы. Мы адзіная каманда. Я ніколі не прымаю рашэньняў проста так, гэта толькі выглядае так. Мы пралічваем, каб не было памылак. Не таму, што я такі разумны, а таму, што так дыктуюць абставіны. Чорт яго ведае, што такое аўтарытарызм. Ужо няма неабходнасьць дзейнічаць пажарным спосабам. У эканоміцы тое, што робіцца, для нас катастрофа, але мы нібыта знайшлі выхад. Пакуль прыбытак не вялікі, але гэта ня вечна. Мы ўсё адно будзем нармальна жыць. Магчыма, ня так багата як вы.

Пра Смаленшчыну

Смаленская вобласьць – гэта Беларусь. Хлеб прыбіраць мы едзем да вас. Смаленскія, бранскія, чарнігаўскія, пскоўскія – гэта нашы людзі, яны ніколі ня скажуць кепскага пра Беларусь. Гэтым усё сказана. Яны ж некалі ўваходзілі ў склад Беларусі, мы на іх не прэтэндуем, не падумайце.

Пра прыватызацыю на вёсцы

Мы чвэрць былых калгасаў прыватызавалі. Я запрашаў бізнэсоўцаў і казаў: Ты бярэш гэта, гэта і гэта. Ня многія гэта добра ўспрымалі. Цяпер яны прыкепелі да гэтага. З той чвэрці толькі 11 працавалі нерэнтабэльна. Яны ўжо нікому іх не аддадуць. Мы ня супраць прыватнай уласнасьці, але на вёсцы рабіць гэта трэба вельмі акуратна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?