Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі, якая ў гэтыя хвіліны яшчэ доўжыцца, бадай, стане нагляднай ілюстрацыяй папулярнай паліталягічнай тэзы пра манэўраваньне афіцыйнага Менску між Захадам і Расеяй.

Беларускі афіцыйны кіраўнік, адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў чарговага прэс-туру, выкарыстоўвае стандартны піяраўскі набор, каб спадабацца расейцам (апафэоз: танкі на Маскву не прапусцім!). Але старанна пазьбягае канкрэтных абяцаньняў.

Ва ўсякім разе, ён даў зразумець, што пытаньне аб прызнаньні мяцежных грузінскіх правінцый будзе разгледжана ня заўтра: "Прыдзе час, і мы разгледзім гэтае пытаньне ў Беларусі, гэтак жа як і ў Расеі, у парлямэнце. У нас выбары цяпер, і новы парлямэнт разгледзіць гэтае пытаньне".

Між іншым, яшчэ будзе і сэсія старога складу Палаты. Але, натуральна, ня той выпадак, каб афішаваць :)

Пацьвярджаецца прагноз: у пытаньні пра Абхазію ды Паўдзённую Асэтыю Менск будзе цягнуць рызіну да апошняга. Тым часам ёсьць шанец зарабіць бонусы ад Захаду, калі выбарчая кампанія пройдзе фармальна болей гладка, чым ранейшыя, ды ўвянчаецца ахвяраваньнем некалькіх мандатаў апазыцыі.

Лукашэнка хоць і дазволіў сабе "пару ласкавых" на адрас імпэрыялістаў (несумненным хітом стане "Колькі б мы ні цалавалі Захад у адпаведныя месцы…"), але ўвогуле праклямаваў жаданьне наладжваць дачыненьні, "бо іншага выбару няма".

Ён заявіў: "Мы ні зь кім сварыцца не зьбіраемся, бо мы мост між Захадам і Расеяй". Супакоіў Эўропу: ядзерную зброю разьмяшчаць не зьбіраемся, адзіная сыстэма СПА — гэта, лічы, толькі бюракратычнае афармленьне тога, што ўжо існуе дэ-факта. Што да "асымэтрычнага адказу" на амэрыканскія супрацьракеты, то, са слоў Лукашэнкі, "нам трэба нясьпешна разам падумаць".

Рэзюмаваў: не палічыце, што я тут выступаю як нейкі ястраб!

Карацей, і нашым і вашым.

Масква між іншага атрымала празрыстыя намёкі, што за хаўрусьніцтва трэба плаціць. Рэфрэнам гучала: драць тры скуры за газ — не па-саюзьніцку! А цяпер, бач, і мы вам спатрэбіліся! Красамоўны пасаж: маўляў, Саакашвілі вунь якіх дроў наламаў, але ж Штаты яго не кідаюць, наадварот — падкідаюць мяхі з далярамі :).

Выразна прагучала і тое, што менавіта вайна на Каўказе падкрэсьліла важнасьць беларускага сувэрэнітэту. Але як хітра сфармулявана, ацаніце: "Апошнія падзеі на Каўказе паказваюць, чаму нельга ўлучаць Беларусь у склад Расеі, многія моманты пацьвярджаюць гэта. І многія палітыкі цяпер разумеюць, што ў такім выпадку Расея страціць хаўрусьніка і суб’ект міжнароднага права".

Застаецца пытаньне пра рэсурс такога манэўраваньня. Ён, дарэчы, можа, аказацца не такім ужо і мізэрным. Масква стала страчваць на абвастрэньні стасункаў з Захадам "чыста канкрэтныя бабкі", і таму, магчыма, стане пакрысе прыглушаць істэрыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?