Апошнім часам з'явілася мода на выказванні пра тое, якія мы з украінцамі розныя.

Так сабе пульчынэлаў сакрэцік, канешне, але тэзісы зводзяцца да таго, што украінцы проста не паважаюць уладу, а мы — паважаем, як сапраўдныя немцы.

У Расіі, дарэчы, пайшлі яшчэ далей. Там Красоўскі нават дагаварыўся да таго, што Паклонская — гэта «майдан у найгоршым яго праяўленні».

Што Расія такой не была, а цяпер, дзякуючы таму, што яны «ўпусцілі» рускіх неафітаў у Расію, — сама Расія праз гэта ідзе на дно.

Тэзіс, канечне, рэдкаснай шызоіднасці з улікам таго, што Паклонская ў параўнанні з дугіным / праханавым / кургінянам — проста сантамарыя, а «абуджаная» яна была рускім чалавекам Гіркіным. 

І я разумею — крыўдна бачыць, як твая краіна паступова вар'яцее ўсё мацней, але, як спявала «Умка»: «зачем уметь плавать, еслі хочешь достігнуть дна».

Вернемся да беларусаў.

Украіна - гэта, канечне, бальзам на раны як стомленаму і прыгнечанаму чалавеку, так і рупару дыктатуры.

«Незмывальная» плесня булькае пра карнікаў, вайну, кроў і развал краіны. Для іх «вы хаціце как у хахлов?» - выратавальная мантра для таго, каб апраўдаць любое паскудства, якое толькі захоча прадэманстраваць наша дзяржавушка.

З іншага боку стомленыя ад дзесяцігоддзяў прыгнёту беларускія нацыяналісты таксама прыйшлі да выратавальнай высновы: наш гамон - гэта не гамон. Гэта мы немцы і паважаем уладу. Сапраўдны гамон - ва Украіне, а ўсё таму (і тут яны робяць элегантны фінт, каб не пакрыўдзіць украінцаў), што ўкраінцы проста любяць вольніцу і не паважаюць уладу. А у нас магдэбургскае права, веча, гісторыя парламентарызму, бла-бла-бла.

Як чалавек. які ва украінцах разбіраецца роўна так жа, як і астатнія аналітыкі (то бок - ніяк), высуну такое меркаванне.

Украінцы не тое, каб любілі вольніцу і не паважалі ўладу, - яны проста спрабуюць. Проста у іх адбываецца нейкі працэс.

І гэты працэс падаецца нам бясконцым у маштабах нашага караценькага жыцця. А на самой справе гэтыя некалькі гадоў злома і незадаволенасці - прабачце - «міг между прошлым і будущім». І карацейшым гэты «міг» у маштабах гісторыі краін - не бывае. І па-іншаму ён пры такіх сыходных дадзеных выглядае рэдка.

Карупцыя? Ды «нармальныя» еўрапейскія краіны маюць тысячагадовыя гісторыі карупцыяў.

Слабая ўлада? Па-першае, гл. пункт вышэй, а па-другое (тут зноў згадаем сто разоў абсмактанага Саакашвілі) - не упэўнены, што у любой нармальнай еўрапейскай краіне яго б расстралялі аўтаматчыкі. Падазраю, што вынік паўсюль быў бы аднолькавы. Яго б пусцілі, бо любая нармальная дзяржава ў адрозненні ад «моцнай» умее вызначаць небяспеку і раздзяляць прарыў мяжы як акт агрэсіі і прарыў мяжы як «акт пратэсту» грамадзяніна.

Калі дзяржава не умее адрозніваць акцыю ад нападу, то яна — Паўночная Карэя, а не Еўропа.

Што тычыць беларускай - нямецкай - працавітасці, то нас ад іх,напрыклад, адрознівае момант неўсведамлення каштоўнасці сваёй працы і яе канчатковай мэты. Беларус гатовы проста працаваць каб выжываць, не разважаючы над карыснасцю гэтага працэса ў цэлым.

Немец, прынамсі, мае магчымасць разглядаць сваю працу як кампанент нямецкай жа эканомікі, маючы магчымасць знаходзіць лепшае прымяненне сваім здольнасцям.

Беларус проста чалавек на проста тэрыторыі які проста пагаджаецца проста мяняць свой час на проста грошы.

Гэтаму стану не варта пець гімны.

Карацей, я да чаго.

Набярыцеся сіл, дарагія беларусы, і прымайце сваю краіну і свае горасці як горасці і як свае.

Не трэба сваю траўму называць прыкметай эвалюцыі шкілета, і не трэба самасцвярджацца за кошт іншых. Верагодна ва Украіне ёсць свае вялікія праблемы. Але верагодна мы ні халеры не разумеем іх прычынаў і спосабаў вырашэння. 

А калі чалавек з пераломам рукі тыцкае ў чалавека з пераломам нагі і кажа, што у мяне рука зламаная, бо я працавіты, а у яго нага зламаная таму, што ён ігрушы акалачвае — гэта выглядае не столькі смешна, колькі сумна.

Гэта значыць, што чалавек з пераломам рукі недзе яшчэ і галавой ударыўся. Проста не заўважыў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?