Кур'ёзны выпадак са шчаслівым вынікам здарыўся ў Маладзечне 8 верасня. Кіруючыся на лецішча, сямейная пара забылася на вуліцы сумку з рэчамі і буйную суму грошай.

Як распавёў kraj.by намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Маладзечанскага РАУС Уладзімір Васількоў, муж, жонка і двое дзяцей збіраліся на лецішча.

У сумку з рэчамі яны паклалі і скрынку ад мабільнага тэлефона, дзе знаходзіліся 14 500 даляраў. Сям'я выйшла на вуліцу, села ў аўтамабіль, а сумку, пакінутую побач з машынай, забылася. Гаспадары хапіліся яе, толькі прыехаўшы на дачу.

Па словах У. Васількова, жанчына адразу патэлефанавала ў міліцыю. Супрацоўнікі Маладзечанскага РАУС, што прыехалі на месца здарэння, нічога не знайшлі. У пошука грошай вярнуліся ў горад і муж з жонкай.

У адным са смеццевых бакаў апергрупа знайшла раскіданыя рэчы, што раней ляжалі ў торбе, а таксама скрынку ад мабільнага тэлефона. У ёй знаходзілася роўна 14 500 даляраў. Але самой звычайнай гаспадарчай торбы сярод смецця не было.

Як растлумачыў супрацоўнік міліцыі, гаспадыня торбы ў заяве паказала, што яна не прадстаўляе для яе матэрыяльнай каштоўнасці і прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці гараджанка нікога не хоча. Аднак, падкрэсліў Уладзімір Васількоў, за прысваенне знойдзенай маёмасці ў адпаведнасці з артыкулам 10.6 КоАП Беларусі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць — папярэджанне або штраф да пяці базавых велічынь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0