Вучэнні «Захад-2017» паказалі халадок паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расіі. Кіраўнікі дзяржаў не здолелі дамовіцца, хто да каго едзе. У Беларусь не прыбыў не тое што міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, а нават ягоных намеснікаў не было. Узровень прадстаўніцтва Расіі тут — гэта начальнік Заходняй вайсковай акругі РФ Андрэй Картаполаў, які сядзеў побач з Аляксандрам Лукашэнкам (!) і міністрам абароны Беларусі. 

Што казаць, калі нават пул расійскіх журналістаў не прыбыў на закрыццё вучэнняў у Беларусь, акцэнтаваўшы ўвагу на расійскіх палігонах.

Трэба меркаваць, што гэта рэакцыя Масквы на недавер з боку беларускіх уладаў, якія ўвялі квоты на колькасць расійскага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі ў час вучэнняў і ў прынцыпе.

Што яшчэ выявілі вучэнні? Яны, у прыватнасці, агалілі непадрыхтаванасць Беларусі да інфармацыйных атак з боку Расіі, і не толькі Расіі.

Увогуле, вакол вучэнняў было шмат шуму.

Польшча і Літва абвінавачвалі Беларусь у планаванні атакі на Сувалскі калідор.

Украінцы закінулі фэйк пра ўдзел у вучэннях войскаў «ЛНР-ДНР».

Невядомыя паклалі сайт Мінабароны (ці ён настолькі сучасны, што не здолеў апрацаваць павышаную, не будзем казаць вялікую, колькасць наведнікаў) і ўзламалі твітар Гомельскай міліцыі.

ФСБ у Гомелі, выглядае, выкрала юнага ўкраінскага інтэрнэт-байца Грыба ў рамках інфармацыйнай арт-падрыхтоўкі да вучэнняў.

Расійскія НОДаўцы праехалі з партрэтамі Пуціна па беларускай сталіцы.

Але самым гарачым момантам было, калі расіяне «павялі» на Беларусь танкавую дывізію.

Як мы на гэта адказвалі?

Кідаецца ў вочы запозненая інфармацыйная рэакцыя нашых ведамстваў на многія з гэтых падзей. Яны прамаруджвалі дзясяткі гадзін, а часам і суткі, калі сітуацыя вымагала імгненнай рэакцыі.

Мы запыталіся ў аналітыкаў тэматыкі бяспекі Аляксандра Алесіна і Андрэя Паротнікава, што пра гэта думаюць яны.

«Гісторыя з непрыездам Пуціна, Шайгу — усё гэта скіравана на тое, каб паказаць несамастойнасць Мінска і яго залежнасць ад Масквы, — мяркуе Андрэй Паротнікаў.

— Інфармацыйныя ўкіды з боку Расіі былі найперш скіраваныя на заходнюю аўдыторыю, Беларуссю гулялі на гэтым інфармацыйным полі.

А што мы? Гляньце нават на работу з замежнымі журналістамі. Давайце спытаем Мінабароны, колькі рэпарцёраў заходніх СМІ са шматмільённай аўдыторыяй не прыляцелі ў Мінск, бо ім адказалі за дзень да пачатку вучэнняў? І калі вы кажаце пра высновы, то ніякіх высноваў зроблена не будзе. Людзі, адказныя за інфармацыю, проста не здольныя іх зрабіць.

Трэба проста звольніць Гуру [галоўны ідэолаг Мінабароны] і Макарава [прэс-сакратара], якія сядзяць там з ведамі брэжнеўскай эпохі, не прыстасаваныя да сучасных выклікаў. Савецкія палітрукі ў прынцыпе не могуць усвядоміць, што яны робяць не так.

Уладзімір Макараў, прэс-сакратар Мінабароны Беларусі. Фота Сяргея Гудзіліна.

Увогуле, прыгадаю Макараву яшчэ тое, што два гады таму ён зняў з сайта Мінабароны інфармацыю пра Давыда Гарадзенскага, Касцюшку і іншых, патлумачыўшы гэта правядзеннем тэхнічных работ. І дагэтуль тая інфармацыя не аднавілася. Якія ў вас яшчэ пытанні да ідэолагаў?

Дзе ўзяць талковых спецыялістаў, каб іх замяніць? А не ведаю. Там не тыя заробкі, каб прафесіяналы з іншых сфер пайшлі туды служыць», — адрэзаў Паротнікаў. 

Паротнікаў таксама мяркуе, што прыезд НОДа — гэта добра спланаваная правакацыя, якая таксама сігналізуе найперш Захаду, што Мінск не можа кантраляваць унутраную сітуацыю.

«Яшчэ пытанне, як яны заехалі. Можа быць, яны ехалі да Мінска як звычайныя машыны, а ўжо потым начапілі ці адвесілі ўсе гэтыя постары», — сказаў ён.

Аляксандр Алесін таксама мяркуе, што вучэнні выявілі слабасць Беларусі на інфармацыйным полі.

«Я знаходзіўся з канадскімі дыпламатамі ў момант апублікавання роліка пра перакідванне танкавай дывізііі ў Беларусь, — сказаў Алесін. — Мне давялося тэрмінова шукаць тлумачэнні гэтаму, інтэрпрэтаваць, каб супакоіць іх. Фактычна, канадцы былі збянтэжаныя і амаль у паніцы.

Упэўнена кажу, што яшчэ некалькі гадзін маўчання і гэтая сітуацыя з інфармацыйнай магла пераўтварыцца ў палітычную. Прычыны інфармацыйных атак ясныя і ўкладваюцца ў дактрыны нашых суседзяў. Скажам, усе атакі на Польшчу пачыналіся з тэрыторыі Беларусі, яна не можа дазволіць, каб мы сталі яшчэ раз такім плацдармам. Расія хоча зрабіць з нас свой бастыён. Украіна… Мы знаходзімся на геапалітычным разломе, і ўсе суседзі будуць спрабаваць на нас уплываць інфармацыйна. Што да супрацьдзеяння… Вы слухалі, што казаў Макараў? У ягоных фармулёўках цяжка разабрацца. Спажыўцы інфармацыі сёння — гэта маладыя людзі, якія хутчэй успрымаюць лёгкую форму, чым закручаныя маналогі з паперкі, таму і вядуцца на фэйкі. Беларусі патрэбны свае інфармацыйныя войскі, якія існуюць і ў Расіі. Скажам, Валерый Герасімаў, начальнік Генштаба РФ, які лічыцца стваральнікам метадалогіі гібрыднай вайны, кажа, што інфармацыйныя атакі праводзяцца ўвесь час, незалежна ад фазы вайны. На падрыхтоўчым этапе, у час, пасля завяршэння… У нас няма механізму адказу на такія атакі, калі казаць пра дзяржаўныя органы, з якога боку б яны не ішлі: з Усходу ці Захаду.

Можна сказаць, што крэатыў праявіў адзін Лукашэнка, знайшоўшы што сказаць на непрыезд Пуціна. Але ці можа быць такое, што на ўсю краіну адзін чалавек, здольны даць адказ? Тут пытанне ў адсутнасці разумення, як гэта робіцца, ці ў боязі ініцыятывы? Трэба мяняць інфармацыйную сістэму, набраць маладых крэатыўных хлопцаў, якія будуць годна адказваць на выклікі», — мяркуе Алесін. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру